Прыходзьце ачысціцца! Сенненскі краязнаўчы музей часова ператварыўся ў духоўны цэнтр.

Да гэтага ўсіх сенненцаў і гасцей раёна гасцінна запрашае выстава праваслаўных абразоў. З яе экспазіцыямі можна пазнаёміцца ў Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Для ахвочых да высокага духоўнага мастацтва яны будуць даступны яшчэ ў маі.

  А паглядзець сапраўды ёсць што. Абразы, пераважная большасць якіх прывезена з Браслаўскага раённага музея,  збіраліся не адзін год. Большасць іх напісана ў XIX — пачатку XX стагоддзях, але ёсць і даўнейшыя. Як сцвярджае Васіль Бандарэвіч, вядомы наш краязнаўца і мастак, пра гэта можна меркаваць па стылі і манеры напісання. На многіх іконах прысутнічае яскравы адбітак нацыянальнай беларускай школы іканапісу, якая праяўляецца праз дэкаратыўнасць, наяўнасць арнаменту. У некаторых работах адчуваецца ўплыў рускай ці, нават, заходнееўрапейскай школ.

 Выступаючы ў час адкрыцця выставы, Васіль Віктаравіч выказаў удзячнасць супрацоўнікам музея, у першую чаргу яго дырэктару Дзмітрыю Стрыжнёву, за магчымасць дакрануцца да святыняў. Такая выстава на Сенненшчыне дэманструецца ўпершыню. Але ў яго выступленні прысутнічалі ноткі шкадавання — на Сенненшчыне такой калекцыі не сабраць ніколі.

 — Усё сваё мы самі пасеклі на шматкі, знішчылі ўласнымі рукамі, — канстатаваў ён. І тут жа перадаў музею ў дар кавалак ляпніны з касцёла, знойдзены нядаўна на  праезнай частцы вуліцы Чырвоная Слабада.

 Пагадзіцца можна і з выказваннем Дзмітрыя Стрыжнёва. Адкрываючы выставу ён сказаў наступнае: «Месца гэтым абразам не ў музеі, а ў храме. Але менавіта дзякуючы музею яны захаваліся. Прыйдзе час, і перад іконамі зноў будуць маліцца».

 — Першапачатковае і галоўнае прызначэнне іконы — перадаць вобраз, сваю веру ў Бога, Ісуса Хрыста, святых праваслаўнай царквы. Намоленыя абразы менавіта таму твораць цуды, — гэтыя словы належаць ужо Мікалаю Валачковічу, настаяцелю храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, благачыннаму сенненскай акругі. У музей ён прыйшоў не адзін, а з іерэем Дзмітрыем Фёдаравым.

 Слова мела таксама Вольга Васілёнак. Жанчына таксама стварае абразы, але з дапамогай іголкі і ніткі.

 — Я не пасцілася перад тым, як узяцца за працу, не шукала чысціні ў скіце. Першыя свае іконы я вышыла седзячы перад калыскай сына, — расказала яна.

 Завяршылася афіцыйная частка цырымоніі адкрыцця выставы. А людзі, якія прыйшлі ў музей,  яшчэ доўга стаялі перад абразамі, абменьваліся думкамі. І твары іх станавіліся святлей, галасы цішэй. Ад абразоў, малітваў, якія некалі чыталіся перад імі, ад чысціні ўласных думак.

 Аляксандр ЛАЗЮК.