16-гадовыя сенненцы атрымалі права грамадзянамі звацца

  20 маладых людзей Сенненшчыны атрымалі пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у святочнай абстаноўцы.

 Не першы год па ініцыятыве РК ГА «БРСМ» і аддзела па справах моладзі райвыканкама ў Дзень Канстытуцыі падлеткам, дасягнуўшым 16-гадовага ўзросту, уручаюць самы галоўны дакумент — пашпарт. 

 На гэты раз святочнае мерапрыемства прайшло ў другой  сенненскай школе. Старшыня раённага вы­канаўчага камітэта Эдуард Герасіменка, стар­шыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга і старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Сенненскага РАУС Наталля Булыня ўручылі моладзі пашпарты і прэзідэнцкія падарункі — кнігу «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Павіншаваць з гэтай значнай падзеяй школьнікаў прыйшлі таксама намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна і начальнікі аддзелаў райвыканкама.

 Падтрымаць сваіх дзяцей у гэты дзень вырашылі бацькі, якіх нямала прысутнічала ў зале. Ад іх імя гаварыла Інэса Бобрык. Яна нагадала вучням пра ўсю адказнасць іх цяперашняга статуса. Да гэтых слоў далучыўся і дырэктар УП «Сяннобудмелія­водгас», лаўрэат прэміі «Чалавек года Віцебшчыны-2010» Васіль Ступаневіч.

 Ад моладзі слова меў Яўген Кандрацьеў, вучань другой сенненскай школы. У гэтым годзе імя хлопца за высокія дасягненні ў вучобе і спорце было занесена на раённую Дошку Гонару.

 Ніводнае свята не абыходзіцца без песень і музычных нумароў. Святочны настрой усім прысутным падаравалі вучні дзвюх сенненскіх школ. Завяршылася мерапрыемства брэйн-рынгам, у якім школьнікі паказалі добрыя веды па гісторыі роднага краю і грамадазнаўстве.

   Кацярына КАРПОВІЧ.

  Р.S.  Падзяку за падрыхтоўку мерапрыемства старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка выказвае Алене Зелентавай, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце, і Вользе Пернер, педагогу-арганізатару, — супрацоўнікам  сярэдняй школы №2 г.Сянно.