Канстытуцыя – асноўны закон дзяржавы!

Яна вызначае і замацоў­вае асновы грамадскага і дзяржаўнага строю, формы праўлення і дзяржаўнага ўладкавання, прававы статус асобы, прынцыпы выбарчай сістэмы, парадак фарміравання органаў дзяржаўнай улады.

 У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь  — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Сваю ўладу ён рэалізуе праз прадстаўнічыя  і іншыя органы. Дзяржаўная ўлада здзяйсняецца на падставе раздзялення яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Заканадаўчай уладай з’яўляецца Парламент — Нацыянальны сход. Выканаўчую ўладу ў Беларусі здзяйсняе Урад — Савет Міністраў. Судовая ўлада належыць судам. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей.

 Краіна і беларускі народ прайшлі вялікі гістарычны шлях. Многія гісторыкі і юрысты першай Канстытуцыяй  лічаць Статут ВКЛ, які меў некалькі рэдакцый. У навейшай гісторыі Беларусі ўпершыню Канстытуцыя была прынятая 3 лютага 1919 года на першым з’ездзе Саветаў. Яна замацавала ідэю дыктатуры пралетарыяту. Пазней асноўны закон мяняўся, як толькі ўносіліся змены ў Канстытуцыю СССР, бо БССР фактычна не магла дзейнічаць самастойна, як суб’ект міжнароднага права, ва ўнутраным усталяванні жыцця сваіх грамадзян. Аб поўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь можна гаварыць толькі ў сувязі з прыняццем 27 ліпеня 1990 года вядомай Дэкларацыі. 25 жніўня 1991 года быў прыняты закон, які ўносіў змены і дапаўненні ў Канстытуцыю 1978 года.

 Сёння ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічае Канстытуцыя, прынятая Вярхоўным Саветам 15 сакавіка 1994 года. Згодна з ёй у краіне быў уведзены інстытут прэзідэнцтва. Асноўны закон складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, 8 глаў і 146 артыкулаў. Па выніках рэферэндумаў, якія праводзіліся ў 1996 і 2004 гадах, у Канстытуцыю ўносіліся змяненні і дапаўненні.

 Канстытуцыя ўвабрала ў сябе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі і апіраецца на неад’емнае права беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць. Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну краіны свабоду і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманіч­нага развіцця асобы. Захоўваць асноўны закон краіны, умацоўваць дзяржаўнасць — патрыятычны абавязак кожнага з нас.

 Аляксей КУРЧАНАЎ,

пракурор Сенненскага раёна, саветнік

юстыцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *