Давер вяскоўцаў – лепшая адзнака!

Калі ў вёсцы Сычэва з’явіўся стройны вайсковец у форме старшага сяржанта, то нават суседзі не адразу прызналі ў ім Уладзіміра Гвоздзева. Армія «раздала»  яго ў плячах, падцягнула ростам, падабрала фігуру, хаця патрэбы ў гэтым не было. Таму лепш сказаць умацавала яго біцэпсы, трыцэпсы і іншыя мускулы, што робяць з хлопца сапраўд­нага мужчыну.

 — Гэты таксама не вернецца ў калгас, — шапталіся  на прызбах   бабулькі.

 — Нават у жонкі няма каго ўзяць. Усе дзяўчаты паразбегліся. Яго старэйшая сястра Галя і малодшая Люда таксама вывучыліся на дакторак і працуюць у Багушэўскай  бальніцы.

 — Калгас вучыў. Тэхнік-механік. Важная прафесія ў сельскагаспадарчай вытворчасці, — выказвалі свае думкі іншыя.  — Колькі гадоў бацька-нябожчык круціў баранку. Маці таксама няблага кіравала паляводчай брыгадай, а цяпер, вунь глядзі, за сёмы дзесятак пераваліла, а яна ўсё кароў доіць на ферме Рай. Няхай бы і ён, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся.

 Думкі апошніх апанентаў былі больш да спадобы юнаку: маці хто дапаможа? Калі ўсе пабягуць на гарадскія заробкі, ды бліжэй да розных там выгод, хто ж пусціць карані тут, на зямлі бацькоў? І звярнуўся ў мясцовую кантору на прадмет працаўладкавання. Выбару не было. Прапанавалі вадзіць старшынёў «легкавік» — згадзіўся.

 Праўда, праз некаторы час адчуў: хаджу чысцейшы, чым іншыя сельскія механізатары, затое ў зарплаце прайграю. Асабліва ў час сяўбы, нарыхтоўкі кармоў, жніва… Перасеў на трактар. Нават неўзабаве стаў першакласным трактарыстам-машыністам.

 Жонку Святлану знайшоў у суседняй гаспадарцы, цяпер ААТ «Какоўчына».  Разам гадуюць і выхоўваюць дваіх сыноў — Валеру і Лёшу.

 Уладзімір добра засвоіў навуку бацькі, які казаў: «Памятай, сынок, прозвішча наша Гвоздзевы, таму нас можа сагнуць цяжар  лёсу, але ніколі не зломіць». Уладзімір не зламіўся, калі цяжка захварэў старэйшы сын, не скарыўся перад вытворчымі і жыццёвымі праблемамі, што выпрабоў­валі яго на трываласць, чалавечую годнасць. Па-ранейшаму ўпарта працаваў, праяўляў лепшыя свае якасці: руплівасць і адказнасць.

 СВК «Пурплева» ў апошнія гады не шанцавала на кіраўні­коў. Хто не вытрымліваў маральна, каго губіла гарэлка, хто паводзіў сябе як перакаці-поле: не думаў пра заўтрашні дзень гаспадаркі, пра лёс калектыву. Таму ў каторы раз паўстала пытанне: каму ўсё гэта даверыць? Хто ўзваліць на сябе груз адказнасці?

 Раённае кіраўніцтва прапанавала, а мясцовы люд падтрымаў кандыдатуру Уладзіміра Гвоздзева.  У лістападзе мінулага года ён і ўзначаліў  сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Пурплева», цяпер аднайменнае ААТ. Так Уладзімір стаў Уладзімірам Валянцінавічам.

 Некаторыя і масцітыя па стажы работы кіраўнікі не здолелі, як у народзе кажуць, ухапіць Бога за бараду. А тут усяго некалькі месяцаў і станоўчыя зрухі не прымусілі доўга чакаць. Гаспадарка скарыстала магчымасць, прадастаўленую прэзідэнцкім указам №343, на крэдыт і набыла халадзільнае абсталяванне, на фермах Серкуці, Рай устанавілі  малакаправоды, купілі малакавоз. Вадзіцелем на апошні прызначылі Аляксандра Аляксеевіча  Красноўскага, чалавека слова, высокай свядомасці. Бо транспарціроўка малака — толькі на першы погляд справа, выедзенага яйка не вартая. Тут ёсць шмат нюансаў, што ўплываюць на якасць прадукцыі. Скажам, на адной ферме малако  вышэйшага гатунку атрымліваюць, на другой — другакласнае. Змяшаў тое і другое — і вышэйшага гатунку няма. Або зліў малако з халадзільнікаў у танкі малакавоза, а па дарозе звярнуў у лес па грыбы. Дзве-тры гадзіны пры такой высокай тэмпературы, як была летась, — і на прыёмнае прадпрыемства можна даставіць ужо кефір.

 За якасць малака пачалі змагацца з фермы Рай, якой загадвае Уладзімір Міхайлавіч Красноўскі. Тут стварылі групу раздою ў колькасці 41 галавы. Даверылі даглядаць яе Вользе  Аляксандраўне Лукашовай, якая пераехала з Алексініч. Вось малако з  ферм Серкуці  і Рай зліваецца ў асобную секцыю малакавоза, з астатніх дзвюх ферм — у другую. Глядзіш, гаспадарка падрасла ў вачах прыёмшчыкаў, бо большая частка прадукцыі пайшла вышэйшым гатункам і першасортным, а ў лютым асобныя партыі прымаліся нават  класам «экстра». Да таго, як ААТ «Пурплева» ўзначаліў Уладзімір Валянцінавіч Гвоздзеў,  па якасці малака гаспадарка ўпэўнена займала апошняе месца ў раённай зводцы і першае ў спаборніцтве на прыз «Брудная цадзілка».

  Палепшылася не толькі якасць. Пурплеўцы абышлі па надою ад каровы і валавой вытворчасці такіх «здатных прамыслоўцаў», як ААТ «Какоўчына» (некалі мела лепшыя ў раёне паказчыкі), КУСГП «Полымя» і імя Гараўца, УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава».

 І хаця ААТ «Пурплева»  сёння зорак з неба не хапае, але і зводку не замыкае. А гэта абнадзейвае, што з цягам часу тут справы пойдуць яшчэ лепш. За гэта гавораць і лепшыя рысы характару кіраўніка: апантанасць, упартасць, імкненне дабівацца намечанай мэты, а таксама давер вяскоўцаў. Неўзабаве ў гаспадарцы  адбудзецца справаздачны сход. Хаця і адпрацаваў кароткі тэрмін, але Уладзіміру Валянцінавічу ёсць што сказаць вяскоўцам, бо перспектыўных задумак у чалавека шмат. Хочацца спадзявацца, што падтрымку пурплеўцы зноў акажуць яму.

М.Васільеў.