Сенненцы предпочитают жениться, а не разводиться.

Больш шлюбаў…

 За апошнія гады колькасць зарэгістраваных у раёне шлюбаў значна ўзрасла. Прынамсі, летась законнымі сужэнцамі сталі 186 пар. Для параўнання, у 2008-ым вяселле адзначыла 151 пара, а ў 2009-ым — 175. Даныя за мінулы год хоць і нашмат перавышаюць паказчыкі пачатку сёлетняга стагоддзя, аднак ніжэйшыя за васьмідзясятыя гады мінулага веку. У тыя часы на Сенненшчыне штогод стваралася да 300 новых сем’яў.

 Праўда, і стаўленне да шлюбу было іншым. Прыйшоўшы з арміі, дваццацігадовы юнак мусіў адразу жаніцца. Сённяшняя моладзь да стварэння «ячэйкі грамадства» адносіцца больш удумліва. Пра гэта сведчыць сярэдні ўзрост маладых: 20-23 гады —  у нявест, 25-30 —  у жаніхоў. І ўсё ж на 2010 год прыпалі тры выпадкі шлюбаў з непаўналетнімі. Шлюбны ўзрост быў зніжаны па прычыне цяжарнасці нявесты. А вось 15 пар узаконілі свае адносіны ва ўзросце звыш 50 гадоў.

 Нярэдкімі сталі інтэрнацыянальныя шлюбы. Так, 6 жаніхоў з Расіі, Украіны, Таджыкістана і адна нявеста з Украіны знайшлі сваіх палавінак у Сенненскім раёне.

 Большасць леташніх маладых (122 пары, ці 66% ад агульнай колькасці) пабраліся шлюбам упершыню. Астатнія 34% ужо мелі вопыт сямейнага жыцця.

Менш разводаў…

У мінулым годзе судовыя рашэнні «развялі» 98 сем’яў. Радуе, аднак, што ўсё больш пар імкнуцца захаваць сваю сям’ю. Яшчэ ў 2000 годзе на 100 новых шлюбаў прыпадалі 92 скасаваныя. У 2008 — ужо 54, 2009 — наогул 43, у 2010 — 53.

 Як сведчыць статыстыка, «сямейная лодка» рызыкуе «разбіцца аб побыт» у пачатку сумеснага жыцця. У 30% скасаваўшых шлюб сямейны стаж налічваў не больш за 5 гадоў. Такая небяспека, як высветлілася, падсцерагае і тых, хто пражыў 11-20 год — 33%. Менш разводаў прыходзіцца на сямейныя пары са стажам 6-10 год (20%) і 21 і больш (17%).

 Што ж датычыцца прычын разводаў, то, на жаль, на першае месца выходзіць п’янства мужа. У апошнія годы набірае абароты жаночы алкагалізм. Часцей сямейныя пары сталі страчваць у адносінах паміж сабой узаемаразуменне, агульнасць інтарэсаў і поглядаў, а самае галоўнае, каханне. Узамен «набываюць» рэўнасць, непрыязнасць, абыякавасць. Сярод прычын распаду сям’і сустракаліся і такія: муж не забяспечвае сям’ю матэрыяльна, не ўдзельнічае ў выхаванні дзіцяці. Апошняе выклікае асаблівы неспакой, бо 70% ад агульнай колькасці скасаваўшых шлюб маюць непаўналетніх дзяцей. Для малых такая вось «страта» сям’і — жудасная душэўная траўма. А таму на заканчэнне хочацца пажадаць сямейным парам, маладым і са стажам, будучым сужэнцам улічыць статыстычныя лічбы, каб у будучыні пазбегнуць памылак. Як кажуць у ЗАГСе: «Любоў ды лад вам».

Вольга Бандарэвіч.