Сенненскі архіў: гісторыя Сенненшчыны ў даведках.

Памятаеце Аркадзя Райкіна, вялікага артыста эстрады гумарыстычнага жанру, які часта выступаў па тэлебачанні з анекдатычнымі мініяцюрамі, высмейваючымі  савецкую рэчаіснасць, бюракратызм, валакіту, паператворчасць: дайце мне даведку, што вам патрэбна даведка, і г.д. Сапраўды, бюракратычны недавер, перастрахоўка парадзілі вялікую колькасць нікому непатрэбных папер. вал іх сёння працягвае нарастаць, як снежны камяк. Таму на розных узроўнях гучаў і гучыць заклік аб скарачэнні папяровага патоку. Аднак ёсць паперы-дакументы, што ўтварыліся ў працэсе дзейнасці ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў і адлюстроўваюць эканамічную, грамадска-палітычную і сацыяльна-культурную дзейнасць раёна і ўяўляюць частку Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на нашу прадузятасць да розных даведак, недапушчальна вольнае, тым больш, нядбайнае абыходжанне з паперамі архіўнага фонду.

 Аб гэтым мы і гутарым з загадчыцай установы «Сенненскі раённы архіў па асабоваму саставу» Л.І.Архіпавай.

 — Па стану на пачатак мінулага года, — расказвае Любоў Ігараўна, — на ўліку ў Дзяржархіве г.Орша знаходзілася 50 арганізацый Сенненскага раёна. Гэта органы мясцовага кіравання і самакіравання, арганізацыі, якія  прадстаўляюць юстыцыю, пракуратуру, статыстыку, працоўныя адносіны і сацыяльную абарону насельніцтва, падаткаабкладанне, культуру, адукацыю і сельгаспрадпрыемствы. На ўліку ў Сенненскім архіве — 64: працоўныя адносіны і сацыяльная абарона, страхаванне, прамысловасць, сельская, водная і лясная гаспадаркі, архітэктура і будаўніцтва, транспарт, сувязь, бытавое  абслугоўванне, адукацыя, ахова здароўя і недзяржаўныя арганізацыі.

 — Ці абмежаваны тэрміны ведамаснага захавання дакументаў?

 — Гранічныя тэрміны ведамаснага захавання дакументаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў абласнога падпарадкавання — 10 гадоў, раённага — 5. Толькі 11 арганізацый раёна своечасова здалі дакументы ў Дзяржархіў г. Оршы (райвыканкам, райсавет, Студзёнкаўскі сельскі Савет дэпутатаў і выканаўчы камітэт, аддзел статыстыкі, фінансавы аддзел райвыканкама, РУСП «Дружбінец», ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», КУП «Сенненскае УКБ», райспажыўтаварыства, ЦРБ, райкам прафсаюза АПК).

 Запазычанасць па перадачы на дзяржзахаванне ў 1-3 гады маюць 13 арганізацый, больш палавіны арганізацый не перадавалі дакументы на захаванне ад 4 да 15 гадоў. Напрыклад, Какоўчынскі сельскі Савет (У.І.Мурашка) здаў архівы толькі па 1997 год, РУП «Сенненская райплемстанцыя» — па 1997, УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава» — па 1996 г., аддзел культуры райвыканкама — па 1998, ААТ «Сенненскі райаграсервіс» — па 1990. У 1995-1996 гадах дастаўлялі на захаванне дакументы ААТ «Бяленева», «Сінягорскае», «Ульянавічы».

 Некаторыя арганізацыі заключылі дагаворы для правядзення навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў з Дзяржархівам г.Оршы яшчэ ў 2009 годзе, але ў поўным аб’ёме  яны не паступілі з КУСГП імя Гараўца, «Полымя», ДП «Саўгас імя Машэрава».

 — У апошні час у раёне ішла рэарганізацыя дзяржпрадпрыемстваў (узбуйняліся, далучаліся, мяняліся назвы і г.д.). Як тут справы?

 — На жаль, некаторыя пасадавыя асобы забываюць аб лёсе сваіх падначаленых. Напрыклад, перастаў існаваць СВК «Андрэйчыкі». Чыноўнікі працуюць у іншых арганізацыях. А дакументы на захаванне перададзены толькі  па 1996 год. За  1997-2008 гады дакументы ў Дзяржархіў не здадзены і месцазнаходжанне іх невядома. Дакументы па асабоваму саставу работнікамі райархіва былі адабраны і прыняты на захаванне за 1945-2008 гг. Ведамасці па ўліку працы і яе аплаце за 1971, 2001 гг. згублены работнікамі СВК «Андрэйчыкі» і ў архіў не здаваліся. Працаваўшыя ў СВК не змогуць  пацвердзіць стаж і членства ў калгасе за 1997-2008 гады, а за 2001 год — і зарплату для налічэння пенсіі.

 Дакументы па асабоваму саставу ААТ «Обальскі  завод кармавых дабавак» за 1963-2006 гады, які з мая 2006 года знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, не ўпарадкаваны. Яны захоўваюцца ў сырым, не ацяпляемым памяшканні, пакрыліся плесняй. Адсутнічаюць дакументы, што пацвярджаюць шкодныя ўмовы працы. Старшыня ліквідацыйнай камісіі ААТ «Обальскі завод кармавых дабавак» (Конанаў В.Ф.) не прыняў мер па іх упарадкаванні, лепшай захаванасці і здачы ў архіў.

 — Ці прадугледжаны нейкія меры ўздзеяння на пасадавых асоб за  бяздзеянне?

 — Адпаведна арт. 12.1. Кодэкса «Аб адміністрацыйных правапарушэннях» знішчэнне пасадавай асобай бухгалтарскіх дакументаў (фінансавай дзейнасці, уліку даходаў і расходаў) і іншых дакументаў, неабходных для вылічэння падаткаў, да завяршэння ўстаноўленых тэрмінаў захавання або іх утойванне цягне накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 100 базавых велічынь, а парушэнне правілаў іх захавання — ад 4 да 35 базавых велічынь.

 Згуба або незаконнае знішчэнне дакументаў  доўгачасовага (па асабоваму саставу) захавання, прычыненне шкоды цягне пакаранне ў выглядзе штрафу ад 10 да 30 БВ.

 — А які парадак з дакументамі прадугледжвае Інструкцыя па справаводству?

 — Інструкцыя прадугледжвае наступнае: дакументы арганізацый неабходна апрацаваць па сканчэнні двух гадоў пасля  завяршэння іх у справаводстве. Такім чынам, яны павінны быць упарадкаваны па 2007 год. Гэта патрабаванне выканана толькі трыма арганізацыямі  Спісу №1 (ДЛГУ  «Багушэўскі лясгас»,  райспажыўтаварыства, Сенненская ЦРБ). Па Спісу №2 у арганізацыях дакументы не ўпарадкаваны ў ДУ «Сенненскі РЦГЭ», прадстаўніцтве «Бел­дзяржстрах», ДУ «Сенненская райветстанцыя», ААТ «АТП №20», ДРБУ-146, ва ўстанове аховы здароўя «Багушэўская райбальніца», цэнтральнай аптэцы №24, ва ўстановах адукацыі (31), у ПУП «Камбінат кааператыўнай прамысловасці»»,  ПУП «Аўтабаза», «Сенненскія прамтавары», «Каапнарыхтпрам», «Каапгандаль» (12 арганізацый). Прычым не зроблена гэта з даты ўтварэння (1944-1960 гады).

 — А ці ёсць станоўчыя прыклады, Любоў Ігараўна?

 — Рэгулярна ўпарадкоўваюць дакументы па асабоваму саставу: УП «Сенненскае ПМС», УП «Сенненская ПМК-64», установа аховы здароўя «Абласная туберкулёзная бальніца», ДУ «Вучэбна-курсавы камбінат упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама». Актывізавалі работу летась цэх «Сенненскі» ААТ «Аршанскі малочны камбінат», УА «Беліцкая ДАСШС».

 Забеспячэнне захаванасці дакументаў у арганізацыях, установах і прадпрыемствах раёна было прадметам абмеркавання на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Хочацца спадзявацца, што прынятае рашэнне па гэтым пытанні пасадзейнічае навядзенню парадку ў архіўнай справе.

 З загадчыцай установы «Сенненскі архіў па асабоваму саставу»

Любоўю Архіпавай

гутарыў Міхаіл Бялоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *