Яе мары цалкам зямныя.

Ёсць  людзі, якія ў любых акалічнасцях выпраменьваюць пазітыўную энер­гію. Калі нешта не атрымліваецца, падтрымаюць добрым словам, у цяжкую хвіліну прыйдуць на дапамогу. Такім чалавекам з’яўляецца мая сястрычка.

 Жыве Таццяна  Валодзька ў вёсцы Літусава. Тут  нарадзілася, тут сталела. Пасля заканчэння школы паступіла ў Аршанскае ПТВ №45, дзе  атрымала прафесію швач­кі.  Па размеркаванні нейкі час працавала на фабрыцы «Світанак» у Оршы. Але жыццё ў гарадскім рытме не задавальняла дзяўчыну — усё больш цягнула яе на родную старонку, да бацькоўскага парога.

 Цяпер у Таццяны свая сям’я, любімы муж Анатоль Ягоравіч  і двое дзяцей. Старэйшай дачцэ Алене  — 17, яна атрымлі­вае прафесійную адукацыю ў механіка-эканамічным каледжы г.Оршы, а сын  Дзяніс яшчэ школьнік, вучыцца ў пятым класе.

 Праўда, працуе Таццяна не швачкай, кладаўшчыком у Літусаўскай базавай дзіцячы сад-школе.  Толькі добрыя словы гучаць у яе адрас, бо да сваіх абавязкаў Таццяна ставіцца вель­мі сур’ёзна і адказна. Знайшлося  месца і для любімай справы. У вёсцы заўсёды ёсць людзі, якім па­трэб­на нешта пашыць. І тады Таня з вялікай ахвотай і прафесіяналізмам бярэцца за гэтую справу! Акрамя шыцця, захапляецца жанчына вязаннем і вышываннем. Дарэчы, любоў да апошняга прывіла ёй дачка Алена, якая спасцігала асновы вышывання ў школе, на ўроках працы настаўніцы Л.А.Мірановіч.

«Адчуванне спакою і ўтульнасці ў доме шмат у чым залежыць ад таго, якімі рэчамі напоўнена тваё жыццё», — гэтыя словы, якія часта паўтарае мне мая сястра, наводзяць на нейкі філасофскі роздум. Але я вучуся ад яе не толькі абстрактнаму ўспрыманню жыцця. Гледзячы, як сястра стварае гэтыя «неабходныя» рэчы, як яна шчыруе на кухні, міжволі атрымліваеш навыкі на бытавым узроўні. Каля дома разбіты прыгожыя кветнікі. Пачынаючы з самай ранняй вясны і да позняй восені цвітуць тут  півоні, ружы, лілеі, гладыёлусы, аксаміткі, верас  — адным словам, казачны куточак, міма якога нельга прайсці, не звярнуўшы ўвагі. Яе падворак поў­ны рознай жыўнасці: ёсць куры-нясушкі, бройлеры, качкі, свінні, што таксама патрабуе шмат сіл і часу.

 Нягледзячы на тое, што розніца ва ўзросце ў нас вялікая, з ёй вельмі лёгка весці гутарку на любыя тэмы, яна заўсёды выслухае і дапаможа. Аднойчы я спытала ў сястры, якая ў яе запаветная мара? І яна адказала, што мары ў яе цалкам зямныя: каб яе родныя людзі былі шчаслі­выя.

 P.S. Я жадаю табе, мая сястрычка, спаўнення мар і каб на тваім шляху сустракаліся толькі людзі з адкрытым сэрцам, як і  ты сама!

Надзея ЗУЕВА,

студэнтка ВДУ

 імя П.М.Машэрава.