Сенненцы культурныя?

Чаму менавіта сенненцы? Таму што ў нашым невялічкім горадзе іншы раз можна патрапіць на грубасць у такім месцы, дзе яе наогул не павінна быць.

 Неяк пайшла я ў ЦРБ, трэба было прайсці медыцынскую камісію. Іду ў касу. Уношу адпаведную суму, атрымліваю квіток і задаю, на маю думку, звычайнае пытанне: «Куды ісці далей?» Жанчына-бухгалтар праз зубы раздражнёна адказвае, што я павінна зайсці ў суседні кабінет. Прашу прабачэння і тлумачу, што не ведала, куды трэба завітаць пасля бухгалтэрыі.  На што яна, выходзячы з сябе, крычыць: «Вам у рэгістратуры павінны былі ўсё растлумачыць…»

 З лёгкім непаразуменнем і, адпаведна, сапсаваным настроем іду па ўрачах.  Участковы тэрапеўт, за якім я замацавана, скончыла прыём пацыентаў. І мне выдаюць талон да іншага доктара. Заходжу ў кабінет, тлумачу медсястры, па якой прычыне завітала. І тут медыцынскі  работнік на павышаных танах пачынае задаваць пытанні: «Дзе гэта я ўзяла талончык? Па якім адрасе жыву? І  увогуле, прыём урач скончыў, якога  чорта вы прыперліся?» — чую напаследак.

  У рэгістратуры памыліліся і далі мне талон да тэрапеўта, які таксама скончыў прыём… Бывае. Усе ж мы людзі. Але навошта крычаць? Адкуль я, пацыент, ведаю, калі прымае той ці іншы доктар?

 Праўда, не толькі медыцынскія работнікі дазваляюць сабе хамства. Прыйшла неяк у магазін. Адстаяла немалую чаргу, каб набыць пакет кефіру. Гляджу на пакупку і бачу — тэрмін прыгоднасці  суткі таму скончыўся. Зразумела, гавару пра гэта прадаўцу, на што яна адказвае: «Не жадаеце — не бярыце…» І са злосцю кідае мне грошы.

 У той жа вечар еду ў Віцебск. Заходжу ў кругласутачную «Весту», што па праспекце Будаўнікоў. Падыходжу да касы, а прадавец ветліва кажа: «Добры вечар». Прызнаюся шчыра, калі са мной павіталіся, я нават азірнулася.  Падумала, што гэта сказалі не  мне. Усё ж такі прыемна, калі з табой гавораць па-людску. Толькі чаму гэта робяць у Віцебску, а ў Сянно хамяць?

 Не думаю, што ў віцябчан праблем меней ці настрой заўсёды добры. Хутчэй за ўсё, трымаюцца людзі за сваё працоўнае месца, таму ніколі і не дазваляюць сабе грубасці.

 Як прымусіць землякоў быць ветлівымі? Кожны раз патрабаваць кнігу скаргаў і прапаноў і ўносіць туды адпаведныя запісы? Канешне, можна рабіць і так. Толькі не заўсёды хочацца сварыцца і тым самым поўнасцю псаваць сабе настрой. Прасцей прамаўчаць ці адказаць  тым жа. Крыўдна за тое, што людзі пачынаюць думаць, быццам усе сенненцы грубыя і бескультурныя. І гэту думку, на жаль, я чула ўжо не аднойчы.

 Кацярына КАРПОВІЧ.