Музыка іх звязала

Суседзям Анатоля і Наталлі Мефадзіенка канцэрты даводзіцца слухаць даволі часта. Праўда, абурацца вымушаныя слухачы не спяшаюцца. Вельмі ж добра граюць, а спяваюць як! Міжволі заслухаешся! Іх невялічкі сямейны ансамбль складаецца з трох галасоў і шасці рук. Тата Анатоль грае на гітары, мама Наталля — на фартэпіяна. Бацькоўская любоў да музыкі перадалася і іх роднай дачушцы Машы. Дзяўчынка з задавальненнем наведвае падрыхтоўчы клас па фартэпіяна ў Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў і смела далучаецца да таты і мамы, нават можа выступіць з асабістай канцэртнай праграмай.

 Музычныя таленты ў сужэнцаў Мефадзіенка праявіліся яшчэ ў дзяцінстве. Анатоль, маючы ад прыроды добры слых, самастойна авалодаў гітарай. Праўда, пэўныя шкадаванні аб тым, што не давялося працягнуць навуку ў музычнай школе ў яго засталіся і  сёння. Анатоль працуе на ПС «Сянно» лінейным трубапракладчыкам — устараняе няспраўнасці, аварыі ў трубаправодзе. Справа — чыста мужчынская. Але і пра творчасць не забывае, удзельнічае разам з жонкай у мастацкай самадзейнасці калектыву. А вось Наталля свае здольнасці перанесла ў прафесійную сферу. Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна і працягнула вучобу ў Віцебскім музычным вучылішчы па спецыяльнасці «харавое дырыжыраванне». Спяваць Наташа любіла заўсёды, выступала на школьных канцэртах. Ужо ў студэнцтве ў яе праявіўся акадэмічны голас. Наталлі нават прапанавалі паступаць на вакал у кансерваторыю (сёння Акадэмія музыкі). Але дзяўчына не рызыкнула і падала дакументы ў інстытут культуры. Недарэчная хвароба звязак перашкодзіла вакальнай кар’еры. Аднак яна на лёс не крыўдуе. Наталля Мефадзіенка працуе ў Ходцаўскай  музычнай школе, выкладае мясцовым дзеткам фартэпіяна, музычную тэорыю і харавыя спевы. Штодзень яна зранку едзе з Сянно ў Ходцы. Не заўсёды зручна, асабліва зімой. Толькі развітвацца з сельскім бытам яна не жадае. Падабаецца займацца з дзеткамі, ды і ў невялікім школьным калектыве пануе ўзаемаразуменне і сапраўдная вясковая гасціннасць. Наталля па праву карыстаецца аўтарытэтам сярод вяскоўцаў. «Першая дзяўчына на вёсцы!» — жартуе яна. Але і мары пра сцэну ў нечым спраўдзіліся. Дуэт Наталлі Мефадзіенкі і Ларысы Кучынскай — найлепшае ўпрыгожанне любога канцэрта. Іх маленькі калектыў абараняў гонар Сенненшчыны на абласным фестывалі ўстаноў культуры аграгарадкоў Віцебшчыны, што праходзіў у Бароўцы Лепельскага раёна. Рамансы ў выкананні крыштальнага наташынага сапрана гучаць асабліва пранікнёна і рамантычна. Ды і сама Наташа — рамантык па натуры, як і яе любы Анатоль.

  А хто ведае, як склаўся б іх лёс, калі б задуманае ў юнацтве спраўдзілася. Магчыма, што маладыя людзі размінуліся б і адной шчаслівай сям’ёй было б менш. У наступным годзе Анатоль і Наталля адзначаць маленькі юбілей — ружовае вяселле. Насамрэч знаёмы яны, лічы, усё жыццё. Вучыліся ў адной школе, мелі агульных сяброў. Па прызнанні Анатоля, ён увесь час быў таемна закаханы ў прыгажуню Наташу. «Мне ж пры сустрэчы з будучым мужам заўсёды хацелася радавацца і смяяцца», — успамінае цяпер Наташа. Між тым, душа кампаніі і іскрамётны гумарыст, ён не адразу рашыўся выказаць пачуцці каханай дзяўчыне. Некалькі сустрэч ужо ў дарослым жыцці зрабілі сваю справу. Яны пажаніліся ў верасні 2002 года, а праз дзевяць месяцаў на свет з’явілася Машачка. Малады бацька адразу ўзяў водпуск, каб дапамагаць клапаціцца пра дачушку. Яшчэ праз колькі гадоў маладая сям’я перабралася ў новую кватэру ў новабудоўлі па вуліцы Азгура. У іх двухпакаёўцы адчуваюцца ўтульнасць і цеплыня. Гасцям тут заўсёды рады. Ды і самі Мефадзіенкі ўмеюць актыўна праводзіць час. Зімой, напрыклад, з задавальненнем катаюцца на каньках. Сямейнай традыцыяй стаў «Асенні марафон», калі ўсёй сям’ёй яны выпраўляюцца ў паход у восеньскі лес. І яшчэ яны не перастаюць радаваць адзін аднаго сюрпрызамі. «Неяк мы дамовіліся не святкаваць 8 Сакавіка. Было шмат крэдытаў, грошай не хапала. Аднак калі я ўвечары вярнулася дадому, мяне чакала раскошная вячэра пры свечках! Гэта было так рамантычна, быццам у кіно!» — расказвае Наталля. І сёлета, яна ўпэўнена, без прыемнасцяў не абыдзецца.

 Няўжо ім, маладым і таленавітым, не хочацца шукаць шчасця ў далёкім свеце, дзе заўсёды, па людскіх меркаваннях, лепш? Не! Тут, на малой радзіме, яны знайшлі сваё месца пад сонцам. «Нават знаходзячыся пэўны час у Віцебску, пачынаем адчуваць стомленасць. У нас жа чысціня, не толькі ў сэнсе цудоўнай прыроды, але і ў людскіх адносінах. А, галоўнае, мы спакойныя за сваю дачушку!» — сцвярджаюць Мефадзіенкі. Яны ведаюць: сямейнае шчасце не залежыць ад месца жыхарства і памераў кашалька. Больш важна захаваць тыя, самыя першыя, пачуцці, калі сустрэліся два сэрцы і зразумелі, што павінны біцца ў адзін сугучны акорд.

Вольга Бандарэвіч.

На здымку: музычная сям’я Мефадзіенка.

 

Музыка іх звязала: 1 комментарий

  • Пятница, 11 март, 2011 в 22:49
    Permalink

    Молодец, Оля…….хорошая статья!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *