Канцэнтраты з Сянно і Багушэўска

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы, свіней на сялянскіх падворках імкліва скарачаецца. Сёння нават не ўсе вяскоўцы трымаюць  птушку. Прычын таму шмат. Але толькі не адсутнасць канцэнтратаў, высокабялковых кармоў. У раёне іх прадаюць не толькі магазіны райспажыўтаварыства. У Сянно ёсць фірменная гандлёвая кропка ”Кармы” ААТ “Экамол”, у Багушэўску — “Жытніца” ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”.

 Гаворыць начальнік Багушэўскага хлебапрыёмнага ўчастка Мікалай Баравік:

 — У нашым магазіне можна набыць самы розны камбікорм. У вас куры-нясушкі? З нашымі кармамі яны будуць несціся штодзень. Яйцаноскаcць будзе стымуляваць корм, прыгатаваны згодна са спецыяльнай рэцэптурай, узбагачаны рознымі вітаміннымі і мінеральнымі дабаўкамі. Для маладняку — іншы камбікорм, як і для бройлераў, што вырошчваюцца дзеля дыетычнага мяса. Магу запэўніць, аддача ад нашых кармоў самая высокая.

 Гэткі ж разнастайны выбар  для гаспадароў, якія маюць на падворку свіней ці буйную рагатую жывёлу: у залежнасці ад яе ўзросту, фізіялагічнага стану, мэты, з якой жывёла ўтрымліваецца. Мяркуйце самі. У магазіне на пачатак красавіка ў наяўнасці былі сумесь кармавая і камбікорм-канцэнтрат для адкорму свіней  да тлустай кандыцыі. Вам не хочацца мець тлустуюсвініну? Карміце  сваіх хрушак камбікормам эканом-класа, кармавой дабаўкай для адкорму хатняй жывёлы. Для парасят свой корм. Гэткі ж шырокі выбар камбікорму для буйной рагатай жывёлы: для дойных кароў, для маладняку, для адкорму буйной рагатай жывёлы.

 Корм прадаецца як у выглядзе гранул, так і россыпам. Фасоўка адрозніваецца вагой: ад 5-10 кілаграмаў да 30. Цэны хоць і мяняюцца ў бок павышэння, але даволі прымальныя.

 — А галоўнае, мы дастаўляем камбікорм нашым пакупнікам не толькі па Багушэўску, але і ў любы населены пункт раёна, — не без гордасці паведамляе ў заключэнне Мікалай Баравік.

 Нягледзячы нават на такія паслугі, аб якіх жыхары раёна 10 гадоў таму нават не маглі і марыць, колькасць рэалізуемых канцэнтратаў скарачаецца.

 — Наглядаюцца яшчэ і сезонныя ваганні, — кажа Надзея Мурашка, прадавец магазіна “Кармы” — Зімой рэалізуем 40-45 тон камбікорму, летам — 60-65. Рост адбываецца за кошт павышэння попыту на корм для птушкі, пагалоўе якой у летні перыяд значна павялічваецца. Асабліва актыўна купляюць спецкамбікорм для маладняку кур-нясушак, маладняку бройлераў.

 Частка насельніцтва займаецца вырошчваннем жывёлы на продаж. Гэтыя людзі  даўно аддалі перавагу камбікорму, бо разумеюць, што прывагі пры выкарыстанні спецыяльных кармоў намнога вышэйшыя, чым калі жывёлу карміць мукой. Менавіта таму ў магазінах яны звычайна купляюць буйныя партыі кармоў.

 Да выкарыстання камбікорму паступова прызвычайваюцца і гаспадары, якія трымаюць жывёлу для ўласнага спажывання. Да гэтага іх падштурхоўвае яшчэ і той факт, што колькасць млыноў у гаспадарках раёна прыкметна скарацілася. Зерне, вырашчанае на прысядзібным участку, ці атрыманае ў якасці натураплаты за працу, у сельгаскааператывах бывае не размалоць. Калі ўсё ж вам удалося гэта зрабіць, у “Кармах” і “Жытніцы” можна набыць прэміксы. Змяшаўшы іх з мукой, можна атрымаць  прымітыўны камбікорм.

  Але асноўнай прычынай, чаму жыхары раёна больш актыўна купляюць камбікорм, прадаўцы магазінаў лічаць паступовае павышэнне культуры вытворчасці ў гаспадароў прысядзібных гаспадарак. Многія на практыцы ўпэўніліся, што эканамічна больш выгадна купляць камбікорм. Такой сітуацыі рады і вытворцы спецыяльных кармоў. У той жа час  наяўнасць канкурэнцыі прымушае іх трымаць прымальныя цэны. Так што калі ў вас на падворку ёсць жыўнасць, паспрабуйце карміць яе спецыяльна прыгатаванымі кармамі. Гэта спадабаецца і вам, і вашым  гадаванцам.

Аляксандр Лазюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *