Да хворых на скутары
…спяшаецца фельчар Галіна Любачка (на здымку). Яшчэ ў дзяцінстве яна марыла звязаць сваё жыццё з медыцынай. Таму пасля заканчэння Гарадзецкай васьмігодкі, не раздумваючы, павезла дакументы ў Аршанскае медыцынскае вучылішча.
А праз тры гады вярнулася на радзіму дыпламаваным спецыялістам. Адразу маладую фельчарку накіравалі на працу ў Навасёлкаўскі ФАП, пасля — у Гарадзецкі. А з 1994 года Галіна Мікалаеўна — загадчыца Багданаўскага ФАПа.
Сёння яна абслугоўвае 5 вёсак у радыусе прыкладна 8-10 кіламетраў. Летам па выкліках ездзіць на ўласным скутэры. Зімой прыходзіцца шмат хадзіць пешшу. «Самае прыемнае ў рабоце тое, што звязана яна з людзьмі. Бывае, што чалавека дастаткова выслухаць, і яму ўжо становіцца лягчэй. А яшчэ прыемна, што на маіх вачах растуць дзеці…», — дзеліцца жанчына.
Да таго ж Галіна Мікалаеўна ўжо другі тэрмін з’яўляецца дэпутатам мясцовага Савета. Грамадскія справы і работа цесна пераплятаюцца. Наведваючы сваіх пацыентаў, яна цікавіцца іх праблемамі. Стараецца, чым можа, дапамагчы.
І гэта ніколькі не перашкаджае прафесійнай дзейнасці. У 2007 годзе па выніках раённага агляду-конкурсу Багданаўскі фельчарска-акушэрскі пункт быў прызнаны лепшым у раёне. Прызам стаў новы халадзільнік для ФАПа. А ў 2007 годзе ў прафесійным конкурсе «Майстар-клас» Галіна Мікалаеўна заняла прызавое месца.
Работа работай, але трэба яшчэ паспець і ў хатніх справах. Разам з мужам Анатолем Галіна выхоўвае двое дзетак. Старэйшая дачка Ілона — студэнтка 2 курса факультэта фізічнай культуры і спорту ВДУ імя П.М.Машэрава, сын Рома — вучань 5 класа Багданаўскай СШ. Шмат часу ідзе на тое, каб дагледзець дом і гаспадарку. Трымаюць Любачкі курэй, свіней, качак. Асаблівае месца ў сям’і займаюць любімец кот Рыжык і сабака Том.
З вёскай Пожанькі звязана ўсё жыццё Галіны Мікалаеўны. Тут яна нарадзілася, тут жа пазнаёмілася з будучым мужам, тут жыве і сёння. Любіць жанчына сваю малую радзіму, але балюча глядзець, як з кожным годам усё радзей у вокнах запальваецца святло.
Вось такая яна, жанчына, удастоеная высокага звання «Чалавек года Віцебшчыны-2010»: шчырая, працавітая, добрасумленная, адказная.
Кацярына КАРПОВІЧ.