З пластыкавай карткай дома і за мяжой

Магчымасці пластыкавай карткі ў значнай меры залежаць ад таго, да якой плацёжнай сістэмы яна належыць. У Беларусі функцыяніруюць тры асноўныя:

 БелКарт — нацыянальная сістэма. Пакуль што яе карткі выкарыстоўваюцца толькі на тэрыторыі нашай краіны.

 Visa — міжнародная сістэма. Існуе шмат яе падвідаў:  Visa Electron, Visa Classic, Visa Cold. Некаторыя з іх дазваляюць праводзіць аперацыі толькі ў беларускіх рублях і  выкарыстоўваюцца выключна на тэрыторыі Беларусі. Іншыя, шматвалютныя, прымаюцца і за мяжой.

 Master Card — міжнародная сістэма. Па сваіх магчымасцях яна мала адрозніваецца ад Visa. Праўда, пры аплаце праз інтэрнэт недзе могуць прымацца карткі адной міжнароднай плацёжнай сістэмы, а другой — не.

 Пры выездзе за межы краіны эксперты раяць мець пры сабе карткі міжнародных плацёжных сістэм, якія выдадзены буйнейшымі айчыннымі банкамі. У пяцёрку  лідараў уваходзяць Беларусбанк, Белаграпрамбанк, Белінвестбанк, БПС-Банк, Прыорбанк.

 

Карта-памочніца

 Банкаўскія карткі  сёння прыкметна эканомяць час іх уладальнікам.

 З дапамогай пластыкавай карткі можна безнаяўным спосабам праводзіць шэраг фінансавых аперацый.

 Аплачваць праз інфакіёск, банкамат,  касу банка камунальныя  паслугі, паслугі сувязі і інш., пагашаць крэдыты.

 Атрымліваць зарплату ці пенсію, для чаго трэба атрымаць спецыяльную картку, на якую будуць пераліч­ваць вашы грошы. Картка не толькі зэканоміць час, патрэбны для наведвання фінансавай  установы ці паштовага аддзялення. Яна зробіць свайго ўласніка багацейшым, бо некаторыя банкі за кожны дзень знаходжання пенсійных грошай на рахунку налічваюць працэнт, роўны стаўцы рэфінансавання Нацбанка. На канец лістапада 2010 года яна складала 10,5% гадавых.

 Аплачваць пакупкі ў магазіне. За выкарыстанне карткі ў некаторых магазінах нават прадугледжаны скідкі на тавары.

 Атрымліваць наяўныя грошы праз банкамат ці ў касе банка.

 Расплачвацца ў інтэрнэце. Напрыклад, з дапамогай карткі можна забраніраваць месца ў атэлі за мяжой, атрымаўшы пры гэтым скідку.

Аляксандр Лазюк.