Сенненскі ЗАГС шукае спонсараў

Летась Сенненскі ЗАГС пабіў рэкорд. Колькасць зарэгістраваных шлюбаў у Сянно перасягнула лічбу 100. Такое здарылася ўпершыню за апошнія 50 гадоў. Ёсць падстава для радасці. Ці паб’е рэкорд 2010-га сёлетні год? Супра­цоўнікі ўстановы загадваць не бяруцца.   

 Спыніць патэнцыйных жаніхоў ды нявест можа адно — умовы, у якіх давядзецца браць шлюб. З іх аргументамі цяжка не пагадзіцца. Самы ўрачысты момант у жыцці кожнага чалавека павінен выклікаць толькі светлыя, чыстыя, прыгожыя пачуцці. Што ж бачаць сенненскія маладыя? Брудныя сцены, іржавую пажарную лесвіцу, вузкія, касабокія дзверы, што трымаюцца на адным толькі слове. Ды і што тут можна дадаць яшчэ, калі ў будынку адсутнічаюць самыя элементарныя выгоды. Не менш маркотна выглядаюць унутраныя памяшканні — урачыстая зала, пакой для жаніха і нявесты. І не дзіва, рамонт у іх не рабіўся з часоў пабудовы. А гэта ўжо больш за 20 год! Такі вось шлюбны антураж «упрыгожыць» першыя сямейныя фота-і відэаархівы! Менавіта таму маладыя людзі ўсё часцей выбіраюць рэгістрацыю ў віцебскіх ЗАГСах. Ці ўвогуле адмаўляюцца ад святочнай цырымоніі. Так, летась не больш за палову шлюбаў (са 102-х) было зарэгістравана ва ўрачыстай абстаноўцы.

 Як часовы выхад са становішча — краязнаўчы музей. Пры жаданні і ўмераную плату музейшчыкі маладым нават вясельны абрад арганізуюць. Аднак статыстыка сведчыць, што і гэта не выйсце. Прынамсі, толькі 17 пар пабраліся шлюбам… у выставачнай зале.

 Вольга Мялешка, начальнік ЗАГСа, паказвае праект будучага шлюбнага палаца. Ён павінен заняць першы паверх двухпавярховай прыбудовы да раённага Дома культуры. Аднак каб праект увасобіць у жыццё, неабходны каля 4 мільярдаў рублёў, з іх 850 мільёнаў будзе каштаваць прыбудова. Такую суму раёну ў адзіночку «не пацягнуць». Грамадскасць і мясцовыя ўлады не раз звярталіся да вышэйстаячых ін­станцый з пытаннямі фінансавання. На стале ў начальніка ЗАГСа ляжыць стос папер з подпісамі жыхароў горада. Да чыноўнікаў розных узроўняў з просьбамі аб садзейнічанні звярталася і сенненская моладзь. Абяцаць — абяцаюць, а вось да рэальнай дапамогі пакуль не дайшло. Па словах Вольгі Васільеўны, і на наступны год станоўчых змен не чакаецца.

 У 2010 годзе рэканструкцыя датычылася фасада, даху і глядзельнай залы раённага Дома культуры. У прыватнасці, у памяшканнях ЗАГСа заменены вокны і мэбля. На работы было накіравана звыш 1 мільярда рублёў. У тым ліку 900 мільёнаў паступіла з раённага бюджэту, яшчэ 350 млн было выдзелена з абласной казны. У 2011-м па плане стаіць будаўніцтва танцавальнай залы, рамонт фае, метадычных кабінетаў. Але ж і ЗАГС з ліку пакуль скідваць ніхто не збіраецца. Праўда, разлічваць у гэтым выпадку на вобласць і рэспубліку наўрад ці прыйдзецца. У інвестыцыйную праграму па развіцці малых гарадоў Сенненскі ДК, на жаль, не патрапіў і на сёлетні, 2011 год. Сродкі на далейшую будоўлю выканаўчаму камітэту аблвыканкам прапанаваў шукаць за кошт прыцягнення дадатковых крыніц фінансавання, у іх ліку і спонсараў. Пра інвестараў казаў і намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік падчас прыёму грамадзян у нашым раёне, дзе таксама ўздымалася гэтая праблема. У Год прадпрымальнасці трэба вучыцца самім зарабляць грошы, а не спадзявацца на дзяржаву, падкрэсліў віцэ-прэм’ер. Знайсці спонсараў, канешне, было б няблага. А вось хто імі выступіць? Прадпрымальнікі, замежныя інвестары ці мясцовыя жаніхі і нявесты? Вялікае пытанне… А пакуль улады плануюць паўторна выпусціць каштоўныя паперы.

 Вольга Бандарэвіч.

 

 На здымку: «цэнтральны» ўваход у ЗАГС.