Епіскап Друцкі Пётр наведаў Сянно
У апошні дзень светлай сядміцы, тыдня пасля Вялікадня ў Сянно пабываў епіскап Друцкі Пётр, вікарый, які замяшчае епіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзмітрыя.
Ён прыехаў да нас, каб раздзяліць з сенненцамі вялікую радасць уваскрэсення Богачалавека Ісуса Хрыста, што прыняў пакуты на крыжы дзеля збаўлення чалавецтва ад граху.
У Свята-Мікалаеўскім саборы епіскап Пётр правёў урачыстую службу. Высокая духоўная асоба вітала прыхаджан традыцыйным “Хрыстос Уваскрос” на трох мовах: рускай, беларускай і грэчаскай. Разам з прысутнымі ў храме епіскап Пётр маліўся за здароўе ўсіх праваслаўных хрысціян, прадстаўнікоў свецкай улады.
У казанні, з якім епіскап Пётр звярнуўся да прысутных у храме, ён гаварыў пра сілу жыватворнага агню, які штогод запальваецца і сыходзіць на людзей напярэдадні Пасхі з гроба Гасподня. З Іерусаліма агонь распаўсюджваецца па ўсіх кутках Зямлі. Епіскап Пётр прывёз светлы агонь у Сянно і запаліў яго ў Свята-Мікалаеўскім саборы.
Аляксандр Лазюк.