Сенненскія камунальнікі “перацягнулі” перамогу да сябе.
Сёлетняя зімовая спартакіяда, якая традыцыйна праводзіцца сярод працоўных калектываў і сельсаветаў, прайшла на Масленіцу. Удзел у спаборніцтвах, у праграму якіх былі ўключаны стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, гіравы спорт, лыжныя гонкі і перацягванне каната, прынялі ўдзел 13 каманд ад прадпрыемстваў і арганізацый, восем, што прадстаўлялі тэрыторыі.
Сярод прадпрыемстваў і ўстаноў ўпершыню за многія гады перамогу святкавалі аматары спорту РУП ЖКГ. Каманда заняла першае месца ў перацягванні каната, перамогшы ў фінале асілкаў Багушэўскага лясгаса. Адзін прадстаўнік камунальнікаў паказаў другі вынік у стральбе, другі заняў 9 месца ў гіравым спорце.
Прызавыя месцы ў камандным заліку засталіся за «сілавымі» ведамствамі: другое — у раённага аддзела надзвычайных сітуацый, трэцяе — у міліцыянераў.
Сярод каманд, якія выступалі пад эгідай мясцовых Саветаў, першае месца занялі прадстаўнікі г.п.Багушэўск. Перамога была дасягнута за кошт стабільнага выступлення: тры другія месцы і адно трэцяе. Беліцкія спартсмены занялі другое агульнакаманднае месца, дзякуючы перамогам у стральбе і лыжнай гонцы, пятае месца — у гіравым спорце, чацвёртае — у перацягванні каната. Трэці вынік паказала каманда, укамплектаваная аматарамі спорту Какоўчынскага сельсавета. Асобна хацелася б сказаць пра самы масавы від спаборніцтваў — перацягванне каната. Відовішчнасці яму дабавілі глыбокі снег, а галоўнае, камандны дух, які адыгрывае вельмі важную ролю ў дасягненні перамогі. Менавіта ён дапамог камунальнікам у прынцыповым супрацьстаянні з дружнай камандай Багушэўскага лясгаса. Сярод сельскіх каманд у перацягванні каната вызначыліся багданаўцы. Магчыма таму, што ў складзе каманды выступаў старшыня выканкама.
Аляксандр Лазюк.