У вышуку выпадковыя людзі не затрымліваюцца

Амаль 20 гадоў службы ў органах унутраных спраў — такі шлях  за плячыма Анатоля Ананенкі, маёра міліцыі, начальніка  аддзялення крымінальнага вышуку Сенненскага РАУС. А пачыналася служба ў аддзеле ў якасці ўчастковага ін­спектара  па Ходцаўскім сельсавеце. Пазней, калі запрасілі ў вышук, зноў адказваў за гэтую тэрыторыю. Такая стабільнасць, веданне вясковых людзей добра дапамагалі ў раскрыцці крымінальных злачынстваў, прафілактычнай дзейнасці. На памяці — выкрыццё злачыннай групы, якая дзейнічала на тэрыторыі Віцебскай вобласці на працягу многіх гадоў і адчувала сябе настолькі ўпэўнена, што яе члены пайшлі на крадзеж у дзень выбараў. Аб’е­к­там злачынства стаў службовы аўтамабіль кіраўніка  мясцовага органа ўлады.

 — У вышуку выпадковых людзей не бывае. Каб займацца  нашай работай, трэба мець прыро­джа­ныя даныя, у тым ліку такія якасці, як настойлі­васць у дасягненні пастаўленай мэты, калі хочаце, нюх, — лічыць Анатоль Ананенка.

 Сёння ў аддзяленні крымінальнага вышуку, якое ўзначальвае маёр Ананенка, працуюць не толькі  вопытныя супрацоўнікі, такія, як ён сам. Ёсць і маладыя хлопцы, што нядаўна прыйшлі ў аддзел міліцыі пасля заканчэння навучальных устаноў Міні­стэрства ўнутраных спраў. Недахоп вопыту  ў працы яны, як правіла, кампенсуюць настойлівасцю, дапамагаюць юнацкая амбіцыйнасць, падказкі старэйшых таварышаў. Усё аддзяленне працуе на агульны вынік.

 —  Асабліва ўдалым для нас стаў 2009 год. Удалося затрымаць і даказаць віну членаў некалькіх злачынных груповак, якія здзейснілі шэраг крадзяжоў з магазі­наў, у тым ліку Сенненскага райспажыўтаварыства.  Справа ў судзе слухалася больш чым паўгода. А  да нашых супрацоўнікаў, каб пераняць іх вопыт работы, пасля гэтага доўга ездзілі калегі не толькі з вобласці,  — расказвае Анатоль Ананенка.

 Сённяшні ўзровень падрыхтоўкі міліцыянераў намнога вышэйшы, чым быў раней. Большасць з іх скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Умацоўваецца матэрыяльная база аддзялення крымінальнага вышуку, пашыраецца арсенал спосабаў і метадаў, якія выкарыстоўваюць яго супрацоўнікі. Па выніках работы за 2010 год ім удалося дасягнуць 61,1% раскрываемасці злачынстваў пры сярэднеабласным паказчыку 53,1%. Амаль на 20% зменшылася колькасць зарэгістраваных крымінальных злачынстваў. Няхай злачынцы таксама імкнуцца  выкарыстоўваць навейшыя дасягненні чалавецтва, рана ці позна, усе яны адкажуць перад законам. Менавіта дзеля гэтага працуюць Анатоль Ананенка і яго калегі.