4 сакавіка – Дзень міліцыі.Больш за 80% сенненцаў па дапамогу гатовы звярнуцца ў міліцыю.

Беларуская міліцыя, якая адлік сваім гадам вядзе з далёкага 1917 года, прайшла няпросты шлях. І заўжды яе супрацоўнікі дастойна выконвалі  ўскладзеныя на іх абавязкі: стаялі на варце закону і правапарадку, ахоўвалі спакой грамадзян.

 Годна служылі і служаць  свайму народу сенненскія міліцыя­неры. Напомнім подзвіг Аляксея Сінкевіча, участковага ўпаўнаважанага, які  ахвяраваў жыццём, каб затрымаць небяспечнага злачынцу. Сярод сённяшніх нашых ветэранаў тыя, хто нёс службу  ў складаныя пасляваенныя гады, падтрымліваў правапарадак на  тэрыторыі, забруджанай радыеактыўнымі выкідамі  пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Нямала дастойных людзей, сапраўдных прафесіяналаў служаць у раённым аддзеле ўнутраных спраў цяпер. Для іх словы гонар, годнасць — не пусты гук. І гэта не толькі мая ацэнка. Так лічаць многія сенненцы. Як паказала апошняе апытанне, 82% насельніцтва ў выпадку рэальнай пагрозы па дапамогу звернуцца ў першую чаргу да работнікаў міліцыі. 75% жыхароў раёна  самі гатовы аказваць дапамогу  міліцыі.

 Шаноўныя калегі, ветэраны! Прыміце самыя шчырыя віншаванні ў сувязі са святам — Днём міліцыі. Здароўя вам і вашым родным, шчасця і  ўзаемаразумення ў сем’ях, дабрабыту. Я ўпэўнены, што мы і далей будзем годна выконваць свае абавязкі, служыць закону і народу.

Міхаіл Архіпаў,

начальнік аддзела ўнутраных спраў

Сенненскага райвыканкама, палкоўнік міліцыі.

Я вярнуўся, каб служыць сенненцам!

Начальнік Сенненскага РАУС Міхаіл Архіпаў узначальвае аддзел унутраных спраў з лета 2010 года. Да гэтага кіраваў  Лёзненскім і  Докшыцкім раённымі аддзеламі ўнутраных спраў. Ён не хавае, што пераводу на радзіму дамагаўся і быў вельмі рады, калі рапарт задаволілі. Сваю настойлівасць тлумачыць проста: «Я вярнуўся ў Сянно, каб паслужыць землякам і тым самым аддзячыць за тое, што мне дала родная зямля».

 З асабістай справы 

Год нараджэння    1966.

Месца нараджэння  вёска Адамава Сенненскага раёна.

Адукацыя     вышэйшая (Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь).

Пасада    начальнік  аддзела ўнутраных спраў Сенненскага райвыканкама, палкоўнік міліцыі.

 Службу пачынаў у 1988 годзе малодшым лейтэнантам у групе ДАІ Сенненскага РАУС. З пасады намесніка начальніка аддзела ў званні маёра быў прызначаны ў 2002 годзе начальнікам Лёзненскага РАУС, з 2008 года ўзначальваў Докшыцкі РАУС.

 Напярэдадні Дня беларускай міліцыі Міхаіл Архіпаў пагадзіўся даць інтэрв’ю раённай газеце.

 — Міхаіл Іванавіч, ведаю, што нядаўна вам споўнілася 45 гадоў. Прыміце мае шчырыя віншаванні. Ад каго прыемней за ўсё было пачуць віншавальныя словы?

 — Зразумела, ад самых родных людзей. І саслужыўцаў. Віншаванні прыйшлі ў тым ліку з Лёзна і Докшыц.

 — Геаграфія перамяшчэнняў у Міхаіла Архіпава шырокая — з крайняга ўсходу Віцебшчыны на крайні захад. Ратацыя кадраў, якая практыкуецца ў органах унутраных спраў, апраўдвае сябе?

 — Я шмат чаму навучыўся і ў Лёзненскім раёне, які мяжуе з Расіяй, і ў Докшыцах. Кожны раён мае свае асаблівасці, што накладвае адбітак на дзейнасць міліцыі. Лёзна — гэта перш за ўсё памежжа з Расіяй. У Докшыцах жывуць людзі з крыху іншым менталітэтам, чым, скажам, у Сянно. Я б сказаў, там больш паважліва ставяцца да ўлады і закону.

 — Сенненцы нечым вылучаюцца сярод суседзяў?

 — Тым, што яны сенненцы. А калі сур’ёзна, то я заўжды з гонарам гаварыў пра сваю прыналежнасць да Сенненшчыны. Мне было прыемна пачуць добрыя водгукі, напрыклад, пра Івана Лазуку, які некаторы час працаваў рэдактарам докшыцкай раённай газеты. Дзякуючы яму выданне вылучаецца арыгінальнай назвай — «Родныя вытокі».

 — Вы прыступілі да выканання абавязкаў начальніка Сенненскага РАУС летам мінулага года. Ці многа засталося ў аддзеле тых міліцыянераў, з якімі давялося працаваць раней?

 — Скажам так — няшмат. За гады маёй адсутнасці ў аддзеле фактычна адбылася змена пакаленняў. І ўсё ж касцяк застаўся. Мне прыемна, што аддзел досыць добра выглядае на абласным  фоне сваімі паказчыкамі.

 — Давайце пагаворым тады больш падрабязна пра дзейнасць аддзела…

 — Калі параўноўваць паказчыкі, якія адлюстроўваюць узровень злачыннасці, то яны лепшыя, чым у сярэднім па вобласці. Занепакоенасць выклікае рост п’янства ў грамадстве, сярод моладзі; высокі ўзровень злачыннасці, здзейсненай раней асуджанымі і  непаўналетнімі. Каб супрацьстаяць злу, трэба працаваць усёй грамадой: праваахоўным органам, школам, уладам, грамадскасці. Калі  мы не прапаноўваем падлеткам заняткі па інтарэсах, яны знаходзяць іх самі. Калі да матэрыяльных каштоўнасцей на прадпрыемстве адкрыты доступ, іх крадуць і прадаюць. Грошы нясуць не ў сям’ю, а ў магазін, каб купіць алкаголь. І зноў па той жа сцяжынцы: украў, выпіў — у турму. Гэты ланцуг трэба разрываць. Калі гаварыць канкрэтна, то нядаўна я выступіў з ініцыятывай перанесці ў іншае месца кафэ-бар «Міраж». Падобная ўстанова не для цэнтра горада, тым больш, што побач знаходзяцца школа, бібліятэка, Дом культуры. Да таго ж бар знаходзіцца на самай ажыўленай вуліцы горада. Мы не раз звярталіся да кіраўніцтва райспажыўтаварыства, сельгасарганізацый з прапановай умацаваць сістэму аховы аб’ектаў, дзе захоўваюцца матэрыяльныя каштоўнасці, прапаноўвалі канкрэтныя шляхі вырашэння праблемы. Усё дарэмна. Да­вядзец­ца выкарыстоўваць іншыя спосабы ўздзеяння. Яны ў міліцыі ёсць.

 А яшчэ я спадзяюся на кантакты з грамадзянамі. Пара зразумець, што ў прававым парадку на вуліцах, на вытворчасці зацікаўлены, у першую чаргу, мы самі, каб не баяцца за сваіх дзяцей, за сябе.  Каб вырабленае, вырашчанае нашымі рукамі прынесла прыбытак нам. Усё даволі проста, але і даволі складана, бо патрабуе настойлівай, штодзённай працы.

 — Як, па якіх крытэрыях ацэньваецца сёння дзейнасць міліцыі?

 — У першую чаргу, за аснову бярэцца ацэнка грамадскасці. Для гэтага мы рэгулярна праводзім анкеціраванне ў працоўных калектывах. Зыходзячы з іх вынікаў робім вывады, карэкціруем сваю дзейнасць. Галоўная задача праваахоўных органаў —  не дапусціць злачынстваў, працаваць больш па прафілактыцы супрацьпраў­ных дзеянняў. Так што і тут  інтарэсы міліцыі і інтарэсы грамадскасці супадаюць.

 — Дзякуй за размову.

Гутарыў Аляксандр Лазюк.