Як выхоўваюць чэмпіёнаў ведаюць у сям’і Кандрацьевых.

Беларуская школа настольнага тэнісу лічыцца адной з наймацнейшых у свеце. Але не думайце, што зоркі спорту тусуюцца ў Мінску. Вось і не! Будучыня беларускага тэнісу жыве і ў Сянно таксама.

 Яўген і Сцяпан Кандрацьевы яшчэ вучацца ў школе. Але іх імёны ўжо добра вядомыя ў спартыўным свеце.  Жэня двойчы чэмпіён Беларусі. Упершыню гэтага высокага звання ён удастоіўся на чэмпіянаце рэспублікі па настольным тэні­се сярод міні-кадэтаў (гульцоў ва ўзросце да 12 гадоў).

 Сцяпан два гады таму стаў сярэбраным прызёрам у першынстве Рэспублікі Беларусь і павінен быў ехаць на спаборніцтвы ў Страсбург. Праўда, з-за папяровай валакіты ў Еўропу ён так і не паехаў.  

 Колькі кубкаў, грамат, дыпломаў і медалёў у Кандрацьевых, адразу і не палічыш. Прыкладна 12 разоў на год хлопцы выязджаюць з Сянно, каб пазмагацца ў тым ці іншым турніры. Мінулай восенню яны сталі пераможцамі ў адкрытым чэмпіянаце па настольным тэнісе, які праходзіў ва Украіне.

 Тэніс для Кандрацьевых — сямейны спорт. Нават малодшая Маша, якая яшчэ не ходзіць у школу, нядрэнна трымае ракетку. Ёсць з каго браць прыклад. Галава сямейства Вячаслаў Аляксандравіч больш за 11 гадоў трэніруе школьнікаў, а апошнім часам і дашкольнікаў. Яго выхаванцы неаднойчы займалі прызавыя месцы ў вобласці і рэспубліцы. Таму і лічыцца сенненская школа спартыўнага тэнісу адной з лепшых у вобласці.

 «Калі дзеці пацягнуліся да ракеткі, я не быў супраць», — гаворыць трэнер. — Актыўны вобраз жыцця толькі паляпшае здароўе. У дзяцінстве я  часта хварэў, і было гэта да таго часу, пакуль не пачаў актыўна займацца спортам. Тым больш, што бацька — баксёр, старэйшы брат — майстар спорту па веславанні на байдарцы.

 Па іх слядах пайшоў і Вячаслаў. Адразу пасля школы паехаў ва Украіну, паступаць у спартыўны тэхнікум. У Сянно, дзе жыла маці, вярнуўся ўжо з дыпломам.

  У гэты час і пазнаёміліся будучыя муж і жонка. Вольга скончыла Аршанскае педагагічнае вучылішча і ўладкавалася ў дзіцячы садок №2, у якім працуе і сёння. Так атрымалася, што выраслі яны з Вячаславам у адным горадзе, але не ведалі адзін аднаго, бо вучыліся ў розных школах.

 Пасля вяселля муж працягнуў вучобу ў БДАФК. Вольга пайшла ў першы дэкрэтны водпуск.

 Сёння Вячаслаў — галава і карміцель шматдзетнай сям’і, Вольга  забяспечвае надзейны тыл.  Нават на спаборніцтвы, у якіх удзельнічаюць сыны, жанчына ездзіць даволі рэдка. «Я вельмі эмацыянальна ўспрымаю ўсё, што там адбываецца. А гэта толькі нервуе маіх мужчын. Лепш я застануся дома і падрыхтуюся як след да іх прыезду», — з усмешкай гаворыць Вольга Леанідаўна.

 Яна па-сапраўднаму ганарыцца сваімі дзецьмі, якія не толькі выдатныя тэнісісты, але і добра вучацца ў школе. Яўген, напрыклад, заняў першае месца на раённай алімпіядзе па біялогіі. Дзякуй Богу, настаўнікі заўжды ідуць насустрач і дазваляюць «прагуляць» заняткі, калі хлопцы едуць на нейкія спаборніцтвы.

 Вольга Леанідаўна, педагог па адукацыі, заўжды прытрымліваецца прынцыпу: калі ўзяўся за справу, то рабіць яе трэба як след, ці ўвогуле не брацца. Гэтаму яна вучыць дзяцей у дзіцячым садку, да гэтага ж прывучае і сваіх.

 Таму і не дзіва, што ў гэтым годзе партрэт старэйшага сына Яўгена занесены на раённую Дошку гонару.

 Кацярына КАРПОВІЧ.