На Масленіцу сенненцы будзілі мядзведзя.
Як і заўсёды ў канцы зімы пачатку вясны, Масленіца сабрала сенненцаў і гасцей горада ў парку 40-годдзя Перамогі. І дарослыя, і дзеці прыйшлі сюды, каб адпачыць і павесяліцца. А паглядзець было на што. Кожны мог знайсці сабе занятак па душы.
Каля ўваходу ў парк размясціліся гандлёвыя рады Сенненскага спажыўтаварыства. Самых азартных запрашала бяспройгрышная латарэя. Усяго за адну тысячу можна было стаць уладальнікам і даволі каштоўнага прыза. Але чамусьці ігракам больш трапляліся тонкія сшыткі, папяровыя сурвэткі, накрыўкі, капронавыя і для кансервацыі.
Патраціўшы колькі тысяч, са смехам госці свята ішлі далей аглядаць палаткі з прысмакамі. Дымок з мангалаў прыемна казытаў нос — значыць, там шашлыкі. І шашлыкамі, і традыцыйнымі для Масленіцы блінамі розных відаў, і яшчэ ўсялякай усячынай частавалі прыйшоўшых на свята гасцінныя гаспадыні-гандляркі.
Прама ўздоўж дарожкі, якая вяла ўглыб парку, прапаноўвалі свае сувеніры ў плеценых кошыках прыгожыя дзяўчаты з Цэнтра пазашкольнай работы. Непадалёк размясціўся столік са швейнымі вырабамі Сенненскай школы-інтэрната.
На паркавай пляцоўцы пад гукі беларускай народнай музыкі распачалося святочнае дзейства, падрыхтаванае раённым метадычным цэнтрам аддзела культуры. Героі прадстаўлення вясковыя Суседкі і Скамарох у вясёлай жартоўнай форме тлумачылі суседу Сцяпану, а заадно і гледачам, што за свята Масленіца. Тут жа, на сцэне, праходзілі конкурсы для ўсіх жадаючых. Выхаванцы з дзіцячага сацыяльнага прытулка, напрыклад, з задавальненнем наперагонкі выпілі смачнае малачко, а за ўдзел у конкурсе атрымалі яшчэ і прызы.
Будзілі Мядзведзя, які «заснуў» прама на сцэне. Бо раней лічылася, як толькі мядзведзь прачнецца, так і вясна пачнецца. І артысты, і гледачы дружна, разам з Мядзведзем, танчылі беларускую польку. І нарэшце спалілі чучала Зімы.
Праграма прадоўжылася канцэртам, адкрылі які ўдзельніцы ансамбля «Вечарынка». Добра павесялілі народ вакальныя групы Белаліпскага, Нямойтаўскага, Полыменскага сельскіх Дамоў культуры, салісты Ніна Варанцова, Валянціна Бельская і Алена Малахава.
А тым часам ахвотнікі завалодаць прызам, выкарыстаўшы сваю сілу і спрыт, абступілі слуп з падарункамі на самым версе. Першаму вышыня скарылася Васілю Малчанаву, жыхару Беліцкага сельсавета. Хлопец ахвотна паказваў усім жадаючым паглядзець сваю «здабычу» — прыгожы сервіз.
А дзятва, не доўга чакаючы, наладзіла катанні з горкі на санках і розных спадручных сродках. Крыху старэйшыя дзеці «атакавалі» снегаход. Гэты транспартны сродак сёлета замяніў традыцыйных коней, запрэжаных у санкі. Але аказаўся не менш запатрабаваным. А яшчэ вялікай папулярнасцю ў дарослых і дзяцей карыстаўся Мядзведзь. Многія хацелі сфатаграфавацца з Касалапым на памяць пра свята Масленіцы.
У гэты ж час у парку 40-годдзя Перамогі прайшла зімовая спартакіяда працоўных калектываў і сельсаветаў. Пра яе будзе расказана асобна.
Таццяна Буракова.