На Масленіцу сенненцы будзілі мядзведзя.

Як і заўсёды ў канцы зімы пачатку вясны,  Масленіца  сабрала сенненцаў і гасцей горада ў парку 40-годдзя Перамогі. І дарослыя, і дзеці прыйшлі сюды, каб адпачыць і павесяліцца. А пагля­дзець было на што.  Кожны мог знайсці сабе занятак па душы.

 Каля ўваходу ў парк размясціліся гандлёвыя рады Сенненскага спажыўтаварыства. Самых азартных  за­пра­шала бяспройгрышная латарэя. Усяго за адну тысячу  можна было стаць уладальнікам і даволі каштоўнага прыза. Але чамусьці ігракам больш трапляліся  тонкія сшыткі, папяровыя сурвэткі, накрыўкі, капронавыя і для кансервацыі.

 Патраціўшы колькі тысяч, са смехам госці свята ішлі далей аглядаць палаткі з прысма­камі. Дымок з мангалаў  прыемна казытаў  нос — значыць, там шашлыкі. І шашлыкамі, і традыцыйнымі для Масленіцы блінамі розных відаў, і яшчэ ўсялякай усячынай частавалі прыйшоўшых на свята гасцінныя гаспадыні-гандляркі.

 Прама ўздоўж дарожкі, якая вяла ўглыб парку, прапаноў­валі  свае сувеніры ў плеценых кошыках прыгожыя дзяўчаты з Цэнтра пазашкольнай работы. Непадалёк размясціўся столік са швейнымі вырабамі Сенненскай школы-інтэрната.

 На паркавай пляцоўцы пад гукі беларускай народнай музыкі распачалося святочнае дзейства, падрыхтаванае раённым метадычным цэнтрам аддзела культуры. Героі прадстаўлення вясковыя Суседкі і Скамарох у вясёлай жартоўнай форме тлумачылі суседу Сцяпану, а заадно і гледачам, што за свята Масленіца. Тут жа, на сцэне, праходзілі конкурсы для ўсіх жадаючых.  Выхаванцы з дзіцячага сацыяльнага прытулка, напрыклад, з задавальненнем  наперагонкі выпілі смачнае  малачко, а за ўдзел у конкурсе атрымалі яшчэ і прызы.

 Будзілі Мядзведзя, які «заснуў» прама на сцэне. Бо раней лічылася, як толькі мядзведзь прачнецца, так і вясна пачнецца. І артысты, і гледачы дружна, разам з Мядзведзем, танчылі беларускую польку. І нарэшце спалілі чучала Зімы.

 Праграма прадоўжылася канцэртам, адкрылі які  ўдзельніцы ансамбля «Вечарынка». Добра павесялілі народ вакальныя групы Белаліпскага, Нямойтаўскага, Полыменскага  сельскіх Дамоў культуры, салісты Ніна Варанцова, Валянціна Бельская і Алена  Малахава.

 А тым часам ахвотнікі завалодаць прызам, выкарыстаўшы  сваю  сілу і спрыт, абступілі слуп з падарункамі на самым версе. Першаму вышыня скарылася Васілю Малчанаву, жыхару Беліцкага сельсавета. Хлопец ахвотна паказваў усім жадаючым паглядзець сваю «здабычу» — прыгожы сервіз.

 А дзятва, не доўга чакаючы, наладзіла катанні з горкі на санках і розных спадручных сродках. Крыху старэйшыя дзеці «атакавалі» снегаход. Гэты  транспартны сродак сёлета  замяніў традыцыйных коней, запрэжаных у санкі. Але аказаўся не менш запатрабаваным. А яшчэ вялікай папулярнасцю ў дарослых і дзяцей карыстаўся Мядзведзь. Многія хацелі сфатаграфавацца з Касалапым на памяць пра свята Масленіцы.

 У гэты ж час у парку 40-годдзя Перамогі прайшла зімовая спартакіяда працоўных калектываў і сельсаветаў. Пра яе будзе расказана асобна.

Таццяна Буракова.