На Сенненшчыны ўшанавалі герояў працы

У абноўленай зале РДК прайшло ўшанаванне лепшых прадстаўнікоў усіх сфер народнагаспадарчай дзейнасці, чые партрэты  па выніках работы за 2010 год занесены на раённую Дошку гонару. Разам з імі на ўрачыстасць былі запрошаны прадстаўнікі, якія прызнаны лепшымі па прафесіі.

 Як заўважыў старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка, гэта званне ўстаноўлена, каб падкрэсліць асабісты ўклад у развіццё Сенненшчыны лепшых рабочых і спецыялістаў, работнікаў сацыяльнай сферы, кіраўнікоў арганізацый. Ён вітаў  таксама намінантаў конкурсу «Чалавек года Віцебшчыны» Васіля Ступаневіча, дырэктара УП «Сяннобудмеліяводгас»,  Алену Берашэвіч, аператара машыннага даення РУП «Дружбінец», Галіну Любачка, загадчыцу Багданаўскага ФАПа.

 Нягледзячы на складанасці мінулага года, у асноўных галінах эканомікі раёна ўдалося захаваць станоўчую дынаміку развіцця. Вытворчасць валавой прадукцыі склала 92,7 млрд рублёў, ці 101,1 %. Выручка, атрыманая суб’ектамі гаспадарання, склала 345 млрд рублёў, ці 116 %, чысты прыбытак —  16 млрд.

 Асобым гонарам раёна сталі поспехі ў сацыяльнай сферы. За год, як і планавалася, пабудавана 14 тыс. м кв. жылля. Дзякуючы бюджэтным пазыкам у суме 470 млн рублёў, створана 275 новых рабочых месцаў.

 Адзін за другім уздымаліся на сцэну лепшыя людзі раёна. Не ўсе яны заняты ў вытворчай сферы. Сярод тых, чые партрэты ўпрыгожваюць раённую Дошку гонару, шмат ветэранаў працы. Многія пакінулі прыкметны след у духоўнай сферы. Леанід Казлоў працаваў у педагогіцы, многія гады ўзначальваў Сенненскую школу-інтэрнат. Яго пачынанні ў пераўтварэнні агульнаадукацыйнай установы ў школу-фабрыку, ва ўзмацненні ў выхаваўчым працэсе элементаў сацыялізацыі, адаптацыі да самастойнага жыцця былі своеасаблівым адкрыццём для ўсёй педагагічнай грамадскасці краіны. Амаль  на пустым месцы пачынаў пастарскую дзейнасць Мікалай Валачковіч, протаіерэй, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў Сянно, благачынны сенненскай акругі.

 Сярод перадавікоў, што адзначаны ў намінацыях «Лепшы па прафесіі»,  шмат работнікаў вытворчай сферы. Большасць механізатараў, вадзіцеляў, жывёлаводаў заняты ў сельскай гаспадарцы. Адзін  з прадстаўнікоў у намінацыі «Лепшы кіраўнік» — Пётр Сазановіч, дырэктар ААТ «Студзёнка». Дарэчы, акцыянернае таварыства было шырока прадстаўлена ў іншых намінацыях, як і ААТ «Сенненскі райаграсервіс», КУСГП «Саўгас імя Машэрава».

 Намінантаў вызначалі ў іншых сферах, у тым ліку ў малым і сярэднім бізнэсе, сярод старэйшын населеных пунктаў, маладых спецыялістаў — усяго ў 11 намінацыях.

 Але ў той дзень размова ішла не толькі пра здабыткі мінулага года. Сёлетні год, які Прэзідэнтам краіны аб’яўлены годам прадпрымальніцтва, для сенненцаў мае быць напружаным. Неабходна забяспечыць тэмп выпуску прамысловай прадукцыі на 125 %, павысіць прадукцыйнасць працы на 152%. Павялічацца на 128 % інвестыцыі ў асноўны капітал. Будзе ўзведзена 10,7 тыс. м кв. жылля.

 Не менш напружаныя задачы ставяцца перад аграпрамысловым комплексам  раёна. Валавая вытворчасць у грамадскіх сельгасарганізацыях вырасце на 130 %, у асабістых гаспадарках — на 110 %. Валавы надой малака павінен дасягуць 50 200 тон малака (140 % да 2010 года), вытворчасць мяса буйной рагатай жывёлы — да 4900 тон, свіней — 4800, што складзе адпаведна 118 і 121 %. Больш чым амбіцыйныя задачы пастаўлены перад раслінаводствам. Ураджайнасць зерневых з гектара павінна дасягнуць 38 ц, рапсу — 26.

 Звяртаючыся да самых працавітых, самых спрактыкаваных у сваёй справе, Эдуард Герасіменка выказаў упэўненасць, што калі да сучасных тэхналогій дададуцца непахісная вытворчая дысцыпліна, творчая ініцыятыва, сенненцам удасца рэалізаваць намечанае.

 Заключным акордам урачыстасці стаў канцэрт, які сенненцам падарылі самадзейныя артысты  ВРУП «Віцебскаблгаз».

Аляксандр Лазюк.

На здымках: моманты свята