Карл Марк. Сярод папулярных имёнаў на Сенненшчыне: Арцём, Ігнат, Навум, Сцяпан. Сярод дзяўчынак – Варвара, Ульяна, Антаніна.
Вядомы расійскі сацыёлаг, футуролаг, прафесар Ігар Бястужаў-Лада ў нядаўнім інтэрв’ю , якое ён даў для «Советской Белоруссии», заўважыў: «Человечество, как бы оно не кичилось своим разумом, — на деле всего лишь одна из популяций земной фауны. А смысл существования каждой популяции — всего лишь в воспроизводстве поколений. Нет воспроизводства — нет популяции. По оценкам некоторых компетентных специалистов, весь этот длительный процесс может уложиться в рамки 21 века». І гэта не прадказанне, а тэхналагічны прагноз, які мае пад сабой дакладныя навуковыя даныя.
Як «узнаўляюцца» сенненцы, расказвае начальнік аддзела ЗАГС Сенненскага райвыканкама Вольга Мялешка.
— Вольга Васільеўна, ці шмат дзяцей нарадзілася на Сенненшчыне ў 2010 годзе?
— Органам ЗАГСа летась зарэгістравана 205 нараджэнняў, што на 35 менш, чым у 2009 годзе. На 73 нованароджных павялічылася насельніцтва Сянно — нарадзіліся 43 хлопчыкі і 30 дзяўчынак. У Багушэўску нарадзілася 21 дзіцяці (16 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак), 111 дзяцей (59 хлопчыкаў і 52 дзяўчынкі) нарадзіліся ў сельскай мясцовасці). Лічбы, як бачым, не самыя аптымістычныя. У 2002 годзе ў раёне было народжана 202 дзіцяці — гэта самая нізкая зафіксаваная нараджальнасць. А вось пік нараджальнасці прыходзіцца на 80-я гады мінулага стагоддзя, калі ў год нараджалася да 500 дзяцей.
З іншых асаблівасцей нараджальнасці мінулага года я б адзначыла той факт, што хлопчыкаў нарадзілася на 35 больш, чым дзяўчынак.
— Тыповая заканамернасць…
— Не скажыце. У 2009 годзе, напрыклад, нарадзілася больш дзяўчынак, як і ў 2008 годзе.
— Нараджальнасць дзяцей — своеасаблівы сацыяльны барометр для грамадства. Што ён паказвае ў сельскай мясцовасці?
— Найменшая колькасць дзяцей з’явілася на свет у Ходцаўскім сельсавеце — 7, Беліцкім — 8, Багушэўскім — 9. У Багданаўскім сельсавеце нарадзіліся 12 дзяцей, Нямойтаўскім — 14, Какоўчынскім — 19, Студзёнкаўскім і Машканскім — па 21.
Большасць народжаных — першыя ў сям’і дзеці (109, або 58 % ад агульнай колькасці народжаных). 70 дзяцей ужо маюць брата ці сястру, 14 дзяцей сталі трэцімі ў сям’і, 7 — чацвёртымі, 5 — пятымі. Найбольш «ураджайным» для раёна стаў снежань, калі было зарэгістравана 32 нараджэнні. Да прыкладу скажам, што ў жніўні нарадзіліся 10 дзяцей, у маі — 11.
— Цікава, ЗАГС адсочвае сацыяльны статус сямей, узрост маці?
— Зразумела. Летась 73 % дзяцей нарадзілі маці ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў, 25 % — 30 гадоў і старэй, 2 % — маладзей за 18 гадоў. У 2010 годзе ў раёне нарадзілася адна двойня — у сям’і жыхароў Сянно Юліі і Сяргея Канюшэўскіх з’явіліся на свет Арцём і Ганна.
Большасць дзяцей нараджаюцца ў поўных сем’ях. І ўсё ж 29 % з нованароджаных будуць выхоўваць толькі маці. Праўда, трэба адзначыць, што з гэтай колькасці частка прыходзіцца на бацькоў, якія сумесна пражываюць, але не рэгіструюць шлюб. У 2000 годзе няпоўныя сем’і ад агульнай колькасці нованароджаных складалі 27 %, у 2001, 2002 гадах — па 33.
Часцей за ўсё дзеці па-за шлюбам нарадажаюцца ў вёсках. У Ходцаўскім сельсавеце з 7 народжаных летась дзяцей 5 з’явіліся на свет у маці, якія не бралі шлюб, у Какоўчынскім з 19 — 11, у Беліцкім з 8 — 5. Павелічэнне колькасці такіх дзяцей абумоўлена яшчэ і тым, што сёння многія маладыя людзі жывуць у так званым «грамадзянскім» шлюбе. На падобныя ўзаемаадносіны з’явілася мода. Сужыцельства спакойна ўспрымаецца нашым грамадствам, нават прадстаўнікамі старэйшых пакаленняў. У ім многія людзі знаходзяць пазітыўныя моманты. Не склалася жыццё разам — разышліся. І не трэба праходзіць зневажальную працэдуру разводу.
Высокі ўзровень пазашлюбнай нараджальнасці абумоўлены ў некаторай ступені і палітыкай, якую праводзіць дзяржава, каб падтрымаць адзінокіх маці. Жанчыны нярэдка становяцца ініцыятарамі ўзаемаадносін па-за шлюбам. Праўда, яны не ўлічваюць, што падобныя ўзаемаадносіны нараджаюць у мужчынах безадказнасць.
Як станоўчы факт, хацелася б адзначыць, што ў 2010 годзе ў адносіне да 30 дзяцей, якія нарадзіліся ў маці па-за шлюбам, устаноўлена бацькоўства. Немалаважна, што яно рэгістравалася органамі ЗАГСа па ўзаемнай заяве бацькоў. У той жа час часцей сталі рэгістравацца факты, калі маці ў судовым парадку прыцягваюць бацькоў да выканання сваіх абавязкаў.
— Вольга Васільеўна, у грамадстве многія працэсы адбываюцца па законах моды. Ёсць мода на дзяцей, ёсць мода на імёны. Як называлі сваіх дзяцей у 2010 годзе?
— Самым папулярным стала імя Арцём. Затым па частаце ўжывання ідуць Нікіта, Данііл, Яўген. Сталі ўжывацца і такія забытыя імёны, як Радзівон, Сцяпан, Герман, Ігнат, Навум, Карл, Марк. У дзяўчынак самымі папулярнымі імёнамі сталі Ганна і Паліна. Радзей дзяўчынак называюць яшчэ нядаўна вельмі папулярнымі імёнамі Анастасія, Вікторыя, Кацярына, Дар’я, Яна. Затое зноў набылі папулярнасць такія імёны, як Ульяна, Варвара, Надзея, Любоў, Антаніна, Галіна.
— Як пачаўся для аддзела ЗАГС 2011 год? Ці шмат зарэгістравана дзяцей у студзені?
— За першы месяц бягучага года ў Сенненскім раёне зарэгістравана 29 нараджэнняў. А дзень 19 студзеня, у які праваслаўныя хрысціяне адзначалі Хрышчэнне Гасподне, стаў для нас асаблівым. Менавіта ў гэты дзень адразу чатыры сям’і з райцэнтра звярнуліся з заявай аб рэгістрацыі дзяцей. Сям’я Алены і Яўгена Караткевічаў папоўнілася трэцім дзіцяці — сынам Аляксандрам. У сям’і Алега і Таццяны Гарбузавых зарэгістравана нараджэнне сына Рамана. Валерыяй назвалі пры рэгістрацыі дачку Сяргей і Марына Маханьковы, Аляксандрай — Іван і Ганна Броўкі. У студзені папоўніліся сем’і Яўгена і Кацярыны Федаровічаў, у іх нарадзілася дачка, у Міхаіла і Святланы Падалінскіх, Івана і Ірыны Снітко, Віталя і Кацярыны Цыпляковых — сыны. Хочацца верыць, што студзень даў добры старт на ўвесь год для маладых сямей нашага раёна.
— Дзякуй за размову. Далучаемся да вашага аптымізму.
Гутарыў
Аляксандр Лазюк.