РДК. Превратиться ли недострой в долгострой?

Доўгі час сенненцы назіралі за тым, як рамантаваўся раённы Дом культуры. Горы цэменту, будаўнічых матэрыялаў, зняты дах, адсутнасць канцэртаў і дыскатэк — тое, што запомнілі землякі. Усе мерапрыемствы ладзіліся ў дамах культуры аграгарадкоў. Прысутнічаць на іх маглі мясцовыя жыхары і тыя, хто «ўлазіў» у аўтобус, які вёз выступаючых і гледачоў на канцэрт.

«Рашэнне аб капітальным рамонце РДК было прынята яшчэ ў 2006 годзе. Тады ж была зроблена і ўся праектна-каштарысная дакументацыя», — гартаючы вялікую папку з рашэннямі, прыгожымі фотаздымкамі, якія ілюструюць абноўлены РДК, расказвае начальнік аддзела культуры Сенненскага райвыканкама Ларыса Новікава.

Згодна з праектам  да Дома культуры павінны прыбудаваць новыя памяшканні: ЗАГС і танцавальную залу. Гэтага якраз і чакаюць сенненцы. Мала хто з моладзі рызыкуе абмяняцца заручальнымі пярсцёнкамі ў памяшканні, дзе абсыпалася тынкоўка са сцяны. Большасць рэгістрацый ладзяцца ў музеі, які таксама не вельмі падыходзіць да гэтага.

Пра шэрую і няўтульную танцавальную залу нічога добрага сказаць таксама не атрымліваецца. З кожным годам на дыскатэку прыходзіць усё меней моладзі. «Лепш наведацца на віцебскія «танцы», чым на сенненскія», — гаворыць большасць студэнтаў, і не пагадзіцца з імі нельга. Апаратура, гукавое абсталяванне і святламузыка даўным-даўно ўстарэлі. Да таго ж пачаў працякаць дах над канцэртнай залай, і было прынята рашэнне зачыніць РДК. Час ад часу праводзіліся дыскатэкі, калі гэта не замінала будаўнікам, а пра канцэрты прыйшлося забыць.

«Грошай у раёне няма, каб самастойна закончыць рамонт РДК», — працягвае Ларыса Яўгеньеўна і паказвае стос папер з  вобласці з адмовамі ў фінансаванні. Праўда, пасля звароту да Аляксандра Косінца ў мінулым годзе былі выдзелены сродкі ў памеры 350 мільёнаў беларускіх рублёў.

Тады, на свой страх і рызыку, старшыня райвыканкама Эдуард Герасіменка вырашыў пачаць рамонт Дома культуры.  Знайшліся грошы і ў мясцовым бюджэце (900 мільёнаў рублёў). Як кажуць, з міру па нітцы — голаму рубашка. І, дзякуй Богу, многае ўдалося зрабіць.

Сёння ў РДК поўнасцю абноўлены дах, фасад будынка, усталяваны новыя ўваходныя дзверы, окна thyssen, адрамантаваны ганак. Але самае галоўнае, што запрацавала канцэртная зала, і сенненцы могуць наведваць канцэрты. Першы прайшоў у пачатку студзеня.

У зале даволі ўтульна: новыя крэслы для гледачоў, адзенне і абсталяванне для сцэны, гукавая апаратура.

«Усяго затрачана каля 1 мільярда 200 мільёнаў беларускіх рублёў. Каб завяршыць поўнасцю рамонт РДК, патрэбны яшчэ два мільярды семсот тысяч рублёў. Работы будуць весціся па меры паступлення сродкаў. Цяпер рамантуюцца грымёркі,» — расказвае Ларыса Новікава.

Як хутка сенненцы атрымаюць танцавальную залу і ЗАГС? Пытанне застаецца адкрытым. У інвестыцыйную праграму вобласці на 2011 год наш РДК не патрапіў. А раённы бюджэт суму амаль у 3 мільярды “не пацягне”.

Кацярына КАРПОВІЧ.