Не трэба мне тваё піўцо, а трэба мне тваё слаўцо!

Мы шмат разважаем пра родную мову, пра яе месца падчаркі побач з рускай, забываючы  часта самае важнае: каб любіць мову, трэба яе ведаць! А мы, няўдзячныя, не ведаем яе ці ведаем надта слаба — на ўзроўні “трасянкі”. І таму атрымліваецца замкнутае кола… Нават у ВНУ на неспецыяльных факультэтах дзяржаўная беларуская мова амаль што не вывучаецца. Наогул, на Беларусі з мовамі склалася нейкая вар’яцка-дзікунская сітуацыя — нацыянальная адукацыя ажыццяўлялася ў адрыве ад роднай культуры. А несфармаванасць нацыянальнай самасвядомасці, слабая арыенціроўка беларусаў у галіне нацыянальна-культурных пытанняў  стварылі агідную глебу для ўзнікнення глыбокіх дэфармацый у сферы міжнацыянальных зносін. І калі да нас прыязджаюць госці, яны адразу здзіўляюцца: “А чаму вы ў Беларусі размаўляеце па-руску?” А мы нават не па-руску — мы на “трасянцы”, забываючы, што матчына мова — гэта НЕРУШ (слоўца гэтае падараваў нашай мове слынны паэт нацыі Рыгор Барадулін — як трапнае вызначэнне некранутых запасаў зямлі і прыроды Бацькаўшчыны, неабсяжных магчымасцей душ беларусаў, іх мовы). А “трасянка”?  Гэта, у прамым значэнні, стрэсенае сена з саломай, якія ідуць зімой на корм жывёле.  Іншымі словамі, каб падмануць кароўку-карміцельку… А каго ж падманваем мы, беларусы?

 Само збядненне мовы, абмежаванне яе ўжытку вядуць, наогул, да падзен­ня ўсёй культуры нацыі. Нашай мове, як паветра, патрэбен не фармальны статус дзяржаўнасці, а найперш — статус яе годнасці і вартасці. У нас многія забываюць, што менавіта школа ў значнай ступені і вызначае характарграмадства, таго самага, дзе ў сіроцкім выглядзе знаходзяцца нават помнікі і  могілкі пісьменнікаў. Нам трэба больш актыўна развіваць айчыннае краязнаўства, бо гэта малая, але і надзвычай вялікая гісторыя Бацькаўшчыны. У гэтай малой спадчыне — нашы вытокі. Беларускія вучні не ведаюць сваіх каранёў, свайго роду, а значыць, і не ўмеюць шанаваць роднае… Ды і настаўнікі нярэдка забываюць, што сустрэчы з пісьменнікамі — гэта сапраўднае свята роднага слова ў школе. Нашы падручнікі роднай літаратуры, хрэстаматыі з “вырванымі раздзеламі” часта нейкія штучныя, бо творы, пададзеныя ў іх, не адпавядаюць інтарэсам, узроставым асаблівасцям  вучняў — з-за свайго невысокага эстэтычнага ўзроўню. У школах Беларусі не пануе культ роднага слова, няма прэстыжу белару­скай мовы ў параўнанні з тымі ж англійскай, нямецкай, французскай… Нашы флагманы  навукі і асветы — Беларускі дзяржаўны ўні­версітэт, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт беларускімі з’яўляюцца толькі па назвах устаноў. Наш  Першы Нацыянальны канал — зусім не першы і не нацыянальны. На маю думку, зараз назіраецца блытаніна нават у паняццях: “беларускі”, “айчынны”. На першы погляд, здаецца, зразумела, айчынны — значыць, беларускі. Бо ў нас адна айчына — Беларусь. Аднак у навучальных установах ёсць прадметы, спецкурсы пад назвай “Айчынная і сусветная літаратура”, дзе ў адных установах пад айчыннай разумеюць і вывучаюць беларускую літаратуру, а  ў другіх — рускую. Так Рэспубліка Беларусь паступова  пазбаўлялася сваёй нацыянальнай спецыфікі. Менавіта пад дахам дзяржаўных і  навучальных устаноў наша мова павінна найперш знаходзіц­ца пад аховай грамадства, улад, дзяржавы як самы галоўны духоўны скарб нацыі. У дачыненні да мовы нацыі не павінна быць нейкіх абывацельскіх адносін — “падабаецца — не падабаецца”, “спатрэбіцца — не спатрэбіцца”.  Агі­таваць за мову трэба не бацькоў вучняў — гэта тое ж самае, што прыйсці ў краму і чаргу людзей, якія  стаяць за гарэлкай, упрошваць не купляць яе… Гэта павінна быць вырашана на дзяржаўным узроўні! Чыноўнік, не ведаючы беларускай мовы, не павінен служыць у дзярж­ор­ганах.

 Ф.М.Дастаеўскі яшчэ ў 1865 годзе пісаў: “Мова — гэта народная вера ў сябе, ва ўласныя сілы — зусім не застой, а, наадварот, залог  энергіі жыцця і ніяк не вы­клю­чае прагрэсу і поспеху. Без гэтай веры ў сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не выратаваў бы сябе ніколі”. Продкі выратавалі, а мы сёння забываем, што роднае слова — паўнаплынная моўная ра­ка.

 Мы — адзіная рэспубліка, якая не мае ні сярэдняй, ні вышэйшай адукацыі на сваёй мове. Гэта толькі фармальна на пачэсных форумах сцвярджаецца, што наша мова “роўная сярод роўных”. У нас распаўсюдзі­лася нават такая практыка, што назвы нярэдка не перакладаюцца з рускай мовы, а толькі падаюцца беларускімі літарамі.

 …Пакупнік хоча ў кіёску купіць газету “Культура”. Кіяскёрка тут жа папярэдж­вае: “Яна па-беларуску!” Быццам, па-беларуску — гэта значыць не па-людску… Вось  дзе наша нацыянальная прыніжанасць, самааплявузгванне.

 Лічу, што ў ХХІ стагоддзі адказная задача настаўнікаў — і не толькі  славесні­каў — давесці да сэрца і розуму кожнага школьніка любоў і павагу да роднага слова. Нашы дзеці з маленства павінны ўсведамляць, што без матчынай мовы немагчыма  стварэнне трывалага Духоўнага Стрыжня красамоўных дзей і ўчынкаў нацыі. І дарослым, сталым беларусам, таксама трэба з вялі­кай павагай карыстацца Словам, у якім сэрцу чуецца дзеяслоў “злавіць” — так, дзякуючы Слову, зла­віць  найперш народную спадчыну і мудрасць.

 Ад продкаў да нас дайшло: “У пачатку было Слова, і Слова было ад Бога. І Бог быў Слова…”  Мы элементарна не ведаем прыгожай і загадкавай культуры славян, беларусаў… І лічым гэта нармальным. Але народ не можа існаваць без ведання свайго мінулага! Нават пры царызме былі неафіцыйныя беларускія школы.

 У нас нават многія шыльды ўстаноў, магазінаў, населеных пунктаў напісаны часта паруску ці нават нейкімі незразумелымі замежнымі літарамі — сэнс апошніх назваў зусім незразумелы насельніцтву…

 Таленавіты прарок нацыі Васіль Быкаў невыпадкова адводзіў роднай літаратуры функцыю сігналу трывогі — ЗНАКУ БЯДЫ… Менавіта так, з трывогай і за­клапочанасцю, мы і павінны ўспрымаць нашу складаную моўную, літаратурную сітуацыю, калі не хочам жыць і надалей у жорнах пачварнага і агіднага, калі беларусам адмаўляецца пачэснае права быць сапраўднымі Беларусамі.

 Мая ж самая вялікая мара — жыць у ХХІ стагоддзі ў беларускай Беларусі! У прыгожай азёрна-васільковай Беларусі. Радзіма! Не трэба мне тваё піўцо, а трэба мне тваё слаўцо! Давайце ж  усе разам, кожную хвіліну, адкрываць для сябе хараство і непаўторнасць роднай мовы і літаратуры. Наша вера ў сваё Слова павінна быць святой і свядомай!

Канстанцін КАРНЯЛЮК , педагог, чытач.­