У Ирины и Сергея Маханьковых мечта иметь большую семью сбылась

Сяргей і Ірына Маханьковы, жыхары райцэнтра,  у 2006 годзе  сталі мужам і жонкай. Праз год — бацькамі ў першы раз, у 2018-ым — у другі, а сёлета набылі статус шмат­дзетнай сям’і: у іх нарадзілася трэцяе дзіця.

У мінулую суботу ва ўрачыстай абстаноўцы Ірына Мілеўская начальнік аддзела загса ўручыла бацькам пасведчанне аб нараджэнні сына.

Самае галоўнае ў сямейным жыцці — давер, паразуменне і, вядома ж, каханне. Так лі­чаць сужэнцы і, менавіта, па гэтых прынцыпах будуюць сваё  шчасце. Яны нарадзіліся і выраслі на Сенненшчыне. Але вучыліся ў розных школах. Вось і знаёмства іх адбылося толькі на выпускным вечары ў Ірыны.

— Скажу шчыра, мы не адразу вырашылі, што патрэбныя адзін аднаму. Доўга сустракаліся, прыглядаліся адзін да аднаго, — кажа жанчына.

Сяргей скончыў Віцебскі політэхнічны каледж па спецыяльнасці электразабеспячэнне. Зараз працуе дыспетчарам у электрычных сетках філіяла «Аршанскія электрычныя сеткі» РУП «Віцебскэнерга».

— Мне вельмі пашанцавала з мужам. Ен усё робіць сваімі рукамі. Выдатна разбіраецца ў тэхніцы, — дзеліцца Ірына. А яна, як сапраўдная захавальніца хатняга ачага, дапамагае і падтрымлівае Сяргея. Вось так і жывуць — душа ў душу.

У кожнай сям’і ёсць свае традыцыі. Ёсць такія і ў Маханьковых. — Увесь свой вольны час мы стараемся праводзіць разам, — расказвае Сяргей. — Любім падарожнічаць, знаёміцца з новымі гарадамі і краінамі, адкрываць для сябе новыя месцы. Пабывалі ў Балгарыі, Турцыі, Егіпце, лёталі на Каўказ. Не адмаўляемся падарожнічаць і па Беларусі. Наша Радзіма —скарбніца прыгожых месцаў. І зусім не важна, дзе мы падарожнічаем, важна, што мы разам, — падкрэслівае ён.

Сям’я Маханьковых не толькі дружная. Кожны мае свае захапленні. Ірына стварае сваімі рукамі вырабы з фетру, тканіны, іншых падручных матэрыялаў. Арганайзеры, развіваючыя гульні ў выглядзе кнігі для самых маленькіх, ёлачныя цацкі з фотаздымкамі ўнутры, інтэр’ерныя кошыкі і шмат чаго іншага ў імгненне вока становяцца эксклюзіўным упрыгожваннем іх кватэры.

Старэйшая дачка Насця ва ўсім стараецца дапамагчы маці. Малодшая Даша ў свае тры гады ўжо ведае вялікую колькасць вершаў, з задавальненнем дэкламуе іх на сямейных святах.

Ірына пра сваё мацярынства разважае так: «Мы з мужам марылі пра траіх дзетак. Варта адзначыць, што Сяргей сам са шматдзетнай сям’і. Менавіта таму мы заўсёды ведалі, што і ў нас дзяцей будзе шмат.

Іх  сям’я, на самой справе, з’яўляецца арыенцірам для моладзі, прыкладам любові і павагі адзін да аднаго.

Гэты год сапраўды унікальны па колькасці прыемных падзей для Маханьковых. 16 верасня сужэнцы адзнача­юць 15-годдзе сумеснага жыцця.

На пытанне: «У чым на ваш погляд сакрэт поспеху моцных шматгадовых шлюбаў?», муж і жонка адказалі так: «Сям’я — гэта месца, дзе цябе чакаюць, любяць і падтрымліваюць, таму неабходна знаходзіць кампрамісныя рашэнні ў складаных сітуацыях, давяраць, паважаць, і, вядома, шанаваць адзін аднаго, тады і поспех сямейнага жыцця гарантаваны».

Ксенія КРУПСКАЯ.

Фота аўтара.