Для Егора Степанова быть пожарным — это не просто профессия

У мяне самая моцная, надзейная каманда, якой любыя выпрабаванні па плячы, — менавіта так характарызуе сваіх калег, з якімі заступае на чарговае дзяжурства Ягор Сцяпанаў, начальнік каравула ПВЧ-1 г.Сянно трэцяй змены.

Без малога паўгода як ён працуе ў Сенненскім РАНС. Але ўжо за гэты непрацяглы перыяд змог прыгледзецца да кожнага свайго падапечнага, вывучыць іх характары. «Мая каманда – гэта прыклад сплаву мудрасці, вопыту і маладосці, дзе кожны адчувае падтрымку калег і працуе на адзін вынік – выратаваць», —адзначае Ягор Сцяпанаў.

 Ён — чалавек новы ў аддзеле, аднак далёка не новы ў пажарным ведамстве. Восем гадоў на варце бяспекі жыццяў людзей. І за гэты перыяд ён ніколі не пашкадаваў, што свой лёс звязаў з сілавымі структурамі. Для яго быць пажарным не проста прафесія. Гэта як стан душы, смяецца мой суразмоўца.

 Ягор усвядомлена прыйшоў у МНС. Яшчэ з дзяцінства, бачучы, як трэніруюцца байцы пажарна-аварыйна ратавальнага атрада «Віцязь», што ў Віцебску, сам марыў быць такім жа моцным і адважным. А будучы ўжо вучнем старэйшых класаў, разам з сябрамі хадзіў сюды на спецыяльныя заняткі, што праводзілі з падрастаючым пакаленнем прадстаўнікі ПАВА «Віцязь». Тут ён прайшоў не толькі медыцынскую, але і вадалазную, вышынную падрыхтоўкі.

 Сваю працоўную дзейнасць карэнны віцябчанін пачынаў у Бешанковічах, потым была служба ў Улле, Віцебску. У Сенненскім РАНС малады чалавек ужо ў якасці начальніка каравула. А гэта абавязвае на многае: ты ўжо і сам прымаеш рашэнні ў выпадку выкліку і становішся своеасаблівым настаўнікам для іншых.

 У рабоце пажарнага няма дробязяў. І ўжо па прыездзе на месца здарэння ўсё мае значэнне. У тым, што трэба быць крайне ўважлівым і асцярожным, Ягор Сцяпанаў пераканаўся ў час свайго, так мовіць, баявога хрышчэння. Першае дзяжурства — і першы выклік на пажар. Тады гарэў адзін пакой у жылым доме. У той час, калі яго калегі былі заняты тушэннем узгарання, яму было даручана знайсці ў задымленым памяшканні кацяня. Так-так, паважаныя чытачы, і жыццё жывёлы — гэта далёка не дробязь для людзей у форме. «Кацяня, праўда, знайсці не атрымалася, — сёння ўспамінае малады чалавек. – Але тое, што праца ратавальніка  патрабуе ад чалавека рашучасці, сканцэнтраванасці, адточаных навыкаў і вялікай адказнасці, я зразумеў ужо тады».

 Жывёла не пацярпела, яе знайшоў гаспадар. Праўда, не абышлося без чалавечых ахвяр у той раз. Смерць – самае цяжкае і страшнае, што можа пакінуць пажар.

 За гады працы Ягор Сцяпанаў пабачыў усялякіх трагедый, прывык да многага. Вось толькі да слёз, да гора людскога, віной якога становіцца агонь, прывыкнуць не можа.

 «Па свайму вопыту працы ў МНС скажу, што большасць пажараў здараюцца ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў ложку ў стане алкагольнага ап’янення, — гаворыць Ягор. – І нягледзячы на прафілактычную работу, якую вядуць мае калегі па папярэджанні надзвычайных сітуацый, усё ж даводзіцца канстатаваць іншае. Бяда здарылася — гаспадары разводзяць рукамі, вінава­цяць сябе. І, добра канешне, калі без ахвяр усё абышлося».

 Пажарнай справай трэба «хварэць», разумець, што гэта тваё, інакш добрым спецыялістам не станеш. Пажарны не проста прафесія, гэта жыццё, адзначае Ягор Сцяпанаў. І тое, што сёння ён з абласнога цэнтра прыязджае на працу ў Сянно, яго ніколькі не засмучае. Так склалася. Ён не хавае: тут ёсць спецыялісты, у каго ёсць чаму павучыцца. 

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота прадастаўлена Сенненскім РАНС.