23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь! СЕННЕНЦЫ ЗАЎЖДЫ БЫЛІ ДОБРЫМІ САЛДАТАМІ!

Днём абаронцаў Айчыны  23 лютага  стала для грамадзян нашай краіны  пасля падпісання Прэзідэнтам спецыяльнага Указа. А вось вытокі  свята  трэба шукаць глыбей — яны ў далёкім 1918 годзе, калі  была створана Чырвоная Армія, калі яе байцы атрымалі  першыя перамогі. З Сянно ў падтрымку рабоча-сялянскіх узброеных сіл у пачатку лютага была накіравана тэлеграма. У канцы таго ж года з добраахвотнікаў быў сфарміраваны сенненскі народны полк. Ён актыўна ўдзельнічаў у барацьбе за  ўмацаванне Савецкай улады спачатку у павеце, а потым на франтах грамадзянскай вайны. Многія сенненцы былі ўзнагароджаны за баявыя заслугі. У прыватнасці, ордэн Чырвонага Сцяга ў 1924 годзе атрымаў жыхар вёскі Паўлавічы  В.З.Жыгуноў.

 Не менш адважна ваявалі нашы землякі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Званні Героя Савецкага Саюза атрымалі А.К.Гаравец, І.І.Камінскі, А.Д.Мацюшаў, П.М.Машэраў, І.Г.Тамашэўскі.  Сенненцы мелі і іншыя баявыя ўзнагароды. Годна праявілі сябе ўраджэнцы раёна, якія ўдзельнічалі ў лакальных ваенных канфліктах ў Карэі, Кітаі, В’етнаме, Егіпце. У Афганістане, напрыклад, пабывала  75 жыхароў раёна. Значная частка іх узнагароджана за баявыя заслугі савецкімі   ордэнамі і медалямі, афганскімі ўзнагародамі.

 Сёння мы жывём у іншай краіне. Рэспубліка Беларусь у  параўнанні з СССР мае іншую ваенную дактрыну. Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка не раз заяўляў, што ні адзін беларускі салдат ніколі не пераступіць мяжу чужой краіны. Тым не менш, беларуская армія мае  высокую баяздольнасць. Яна забяспечана сучаснай ваеннай тэхнікай, у яе шэрагах служаць афіцэры і салдаты з высокім узроўнем падрыхтоўкі. Сёння ва Узброеных Сілах Сенненшчына прадстаўлена дзясяткамі афіцэраў і прапаршчыкаў, больш чым 150 салдатамі і сяржантамі тэрміновай службы, службу ў рэзерве праходзіць больш за 10 нашых землякоў.

 Добрыя водгукі атрымлівае раённы ваенны камісарыят аб Аляксандру Воранаве і Аляксею Панімашчанку, якія служаць у в/ч 52287 мабільных войскаў. Аляксандр Лукашчык службу праходзіць у пагранічных войсках, у в/ч 2044. Бацькі хлопца, землякі таксама могуць ганарыцца імі.

  Шаноўныя сенненцы! Тыя, хто служыў у войску, служыць ці будзе служыць, мужчыны і жанчыны, дарослыя і дзеці! Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл — наша агульнае свята, свята людзей, якія любяць сваю Радзіму і гатовы ўсімі  даступнымі сродкамі абараняць яе. Самыя найлепшыя  пажаданні вам! Хай будзе над нашай краінай толькі чыстае мірнае неба! Здароўя, шчасця, поспехаў ва ўсіх справах!

 Сяргей Пінчук, ваенны камісар Сенненскага раёна,

падпалкоўнік Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *