Уладзімір Стук: Мне б у неба!

У Сянно яго ведаюць многія. Тут ён нарадзіўся, скончыў СШ №2. Апошнія гады жыцця таксама  звязаны з роднымі мясцінамі. А паміж двума перыядамі была служба ў арміі — Уладзімір Аляксандравіч падпалкоўнік  запасу, лётчык І класа ваенна-марской авіяцыі, асвоіў не адзін тып ваенных самалётаў. Напярэдадні  свята ўсіх мужчын мы сустрэліся з ім, каб пагутарыць.

 — Калі хлопец з Сянно «захварэў» небам, авіяцыяй? Як гэта здарылася?

 — Прыкладам для мяне стаў стрыечны брат. Ён быў лётчыкам. У час водпуску нярэдка прыязджаў да нас у госці: стройны, падцягнуты — сапраўдны мужчына. З размоў я разумеў, што за прыгожай формай схавана нялёгкая, нават небяспечная служба. Намёкамі, але  брат даваў зразумець, што ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях у Афрыцы. Аднойчы ў час выканання скачкоў з парашутам атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні. І ўсё ж, як спяваў Уладзімір Высоцкі, кумір моладзі майго часу, «но мы выбираем трудный путь, опасный, как военная тропа». У выпускным класе я ўжо ведаў, што буду ваенным лётчыкам. Прайшоў медыцынскую камісію, узмоцнена займаўся па прадметах, якія трэба было здаваць, трэніраваў вынослівасць, сілу. Спачатку прапанавалі верталётнае вучылішча, бо на наш ваенкамат іншай разнарадкі не было. Без асаблівага жадання, але я пагадзіўся і на гэты варыянт. Пазней з’явілася магчымасць паступіць у Ейскае вучылішча, дзе рыхтавалі пілотаў ваенных самалётаў.

 У канцы чэрвеня 1979 года, калі наш клас адзначаў заканчэнне сярэдняй школы, у мяне на руках былі ўжо праязныя дакументы да Ейска, гарадка на беразе Азоўскага мора. Менавіта там знаходзілася знакамітае вучылішча. Назаўтра пасля выпускнога вечара школьныя сябры праводзілі мяне да аўтастанцыі…

 — Доўгая дарога, новы распарадак жыцця. Не захацелася дамоў?

 — Не. У мяне была мэта, да якой я ішоў. Зноў прайшоў камісію, здаў экзамены. Потым быў этап прафесійнага адбору ў выглядзе тэстаў. Нарэшце, мандатная камісія, на пасяджэнні якой аб’явілі — Уладзімір Стук залічаны курсантам Ейскага лётнага вучылішча. У той жа дзень я тэлеграмай паведаміў пра гэта бацькам.

 — І пачаліся ваенныя будні…

  — Курс маладога байца, ваенная прысяга, тэарэтычная, нарэшце, практычная падрыхтоўка — першы год прамільгнуў як адзін дзень. 5 чэрвеня 1980 года я самастойна, без інструктара, узняў у неба вучэбны самалёт Л-29. Радасць была бязмежнай, як  паветраны акіян, дзе Уладзімір  Стук уладарыў. Дарэчы, мадыфікацыі гэтай паветранай машыны выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі лётчыкаў і цяпер.

 Потым былі асвоены іншыя самалёты. На трэцім-чацвёртым курсах мы ўзнімалі ў неба баявыя СУ-7Б. Пасля дзяржаўных экзаменаў, галоўны з якіх па лётнай падрыхтоўцы я здаў на «выдатна», у ліку шасці са 150 выпускнікоў мне прапанавалі  размеркаванне ў ваенна-марскую авіяцыю. Пагадзіўся, хаця ведаў, што буду служыць на Ціхім ці Паўночным флатах, дзе ўмовы для жыцця, для службы не лепшыя. Першы мой  аэрадром базіраваўся на ўзбярэжжы Ціхага акіяна.

  — У самым вялікім акіяне пакупацца ўдалося?

 — На жаль, не. У палку пачалося пераўзбраенне. Перад маладымі лётчыкамі паўстаў выбар: ці зноў тры-чатыры гады вучобы, каб  засвоіць пілатаж самалётаў з вертыкальным узлётам, ці новае месца службы. У выніку ў 1984 годзе я стаў служыць у Калінінградскай вобласці. Тут таксама прыйшлося перавучвацца, але непрацяглы час. На СУ-17М лётаў чатыры гады, стаў лётчыкам І класа, быў дапушчаны да баявога дзяжурства.

 — Растлумачце недасведчаным, што такое баявое дзяжурства?

 —  Лётчык, які з поўным узбраеннем на барту дапускаецца да баявога дзяжурства, знаходзіцца на  аэрадроме пастаянна, пры неабходнасці на працягу 20 хвілін павінен узняць баявую машыну ў паветра. Для гэтага трэба мець даволі высокі ўзровень падрыхтоўкі.

 Лётчыкі нашага палка яго мелі. Кожны з нас у паветры знаходзіўся па 2-3 змены на тыдзень. Задачы выконвалі парамі, звеннямі, палком над усёй Балтыкай у межах нейтральных вод, над тэрыторыяй Польшчы, ГДР.

 У краіне  пачалася перабудова, аднак узровень падрыхтоўкі паветраных сіл заставаўся высокім. У 1988 годзе Цімур Апакідзе, легендарны на Балтыцы лётчык, які тады заканчваў вучобу ў Ваеннай акадэміі Генштаба Узброеных Сіл СССР, прапанаваў групе маладых лётчыкаў, у тым ліку мне, пачаць асваенне самалёта СУ-27. У Нікалаеве вялося будаўніцтва першага савецкага авіяносца. Узлёт паветраных машын з яго палубы павінен быў рабіцца гарызантальна, з кароткага разбегу. Мы трэніраваліся на трэнажорным караблі, засвойвалі новыя тыпы самалётаў Л-39, МІГ-29, СУ-22. Пакуль рыхтаваліся  па карабельнай сістэме, СССР не стала. Патрэба ў той колькасці ваенных, якую мела СССР, знікла. Жыццёвая і  ваенная перспектыва была цьмянай. Як толькі наступіў мінімальны пенсіённы ўзрост, я выйшаў у запас і прыехаў у Сянно.

 — Як прыняла радзіма?

 — Даволі стрымана. Але прэтэнзій вялікіх я не меў, на рынак, як прапаноўвалі, не пайшоў. Працаваў вадзіцелем у ВЭГу, потым, калі ў гаспадарцы наладзілі вытворчасць  сыроў, працаваў там. Некаторы час там жа быў галоўным інжынерам. У 2005 годзе прапанавалі працу ў райвыканкаме ў якасці спецыяліста па ваенна-мабілізацыйных пытаннях. Цяпер разам з ваенкаматам адказваю за арганізацыю  ў раёне тэрытарыяльнай абароны.

 — А яшчэ, я ведаю, вы ўзначальваеце раённую арганізацыю ГА «Беларускі саюз афіцэраў». Хто ў яе ўваходзіць? Чым займаецца грамадская арганізацыя?

 — Раённая арганізацыя  «Беларускі саюз афіцэраў» нешматлікая. Акрамя афіцэраў раённага камісарыята, у яе уваходзяць тыя людзі, якія  насілі афіцэрскія пагоны да выхаду ў запас. Займаемся абаронай правоў ваеннаслужачых, папулярызацыяй сярод моладзі ваенных прафесій, патрыятычным выхаваннем. Члены нашага таварыства  вядуць гурткі ў Сенненскай школе-інтэрнаце, Сенненскім цэнтры пазашкольнай работы. Супрацоўнічаем з іншымі грамадскімі арганізацыямі, якія працуюць у гэтым накірунку. Разам з БРСМ і піянерскай арганізацыяй даглядаем месцы воінскіх пахаванняў, удзельнічаем у ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца». Хочацца  давесці маладым людзям, што  абарона Радзімы, служба на карысць народа заўжды былі самым ганаровым абавязкам для мужчын. Да таго ж у нашай краіне афіцэры даволі добра забяспечаны матэрыяльна, абаронены ў сацыяльным плане.

 Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць з Днём абаронцаў Айчыны ўсіх, хто служыў у арміі ці будзе там служыць, усіх мужчын, усіх грамадзян Беларусі, для якіх слова Радзіма — не пусты гук.

Гутарыў

Аляксандр Лазюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *