Незабыўныя дарогі Перамогі

 Заснежаныя ўскраіны прастораў нашага раёна сустрэлі сваёй прыгажосцю. Па іх імчаў аўтобус Сянно — Някрашава п/з Багушэўск, Янова. Выходжу на прыпынку ў вёсцы Пасад. Невядомыя мне мясціны, людзі. Пытаюся ў адной бабулі:

 — Як знайсці вашага знакамітага ветэрана?

 Тая адразу расказала і паказала дарогу.

 Прайшоўшы амаль 2 кіламетры па падказанай дарозе, я знаходжу дом № 3 па вуліцы Вішнёвай.

 Нездарма кажуць, што ў беларусаў свая, асаблівая, гасціннасць, шчырасць, прыветлівасць. Сапраўды, сустрэлі мяне менавіта так!

 Міхаіл Панкратавіч Янчыленка — ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Нягледзячы на тое, што яму ўжо 90 гадоў, ён з ахвотай расказаў мне пра сваё жыццё, пра свае ваенныя будні. На жаль, памяць ужо крыху падводзіць, каб успомніць усё больш падрабязна, але асноўнае ён мне паведаміў.

 Сам Міхаіл Панкратавіч наш зямляк, родам з Сенненшчыны. У сям’і было 12 дзяцей. Бацьку ў свой час забралі на работы пад Ленін­град, абвясціўшы яго кулаком.

 На тэрміновую службу Янчыленка быў прызваны ў горад Пензу. Служыў у артылерыйскіх войсках кулямётчыкам. Калі пачалася вайна, яму хуценька прысвоілі званне сяржанта і … на фронт.

 Адразу Міхаіл Панкратавіч трапіў на Калінінскі фронт. Давялося паваяваць і на іншых. Быў камандзірам кулямётнага ўзвода, камандзірам кулямётнай роты.

 Пабываў і ў Карпатах. Асабліва запомніліся карпацкія «бандэры». «Быццам нашы паліцаі, але яны не падчыняліся нікому, жылі асобна ў гарах».

 Вельмі ўразіла Міхаіла Панкратавіча прыгажосць Румыніі: «Паўсюль кветкі, выкладзеныя прыгожыя дарогі, калі ў нас усе топлі ў гразі».

 Прайшоў Балгарыю, Югаславію, Венгрыю. Аўстрыя была апошняя перад Берлінам. Ішлі як вызваліцелі мірнага насельніцтва ад фашызму, але ўсіх папярэджвалі: калі хто зачэпіць нашых салдат — адразу  знішчаць.

 Рухаліся вельмі хутка, бо так хацелася перамогі!

 Вельмі цяжка было ў Берліне. Не хацелася загінуць у апошніх баях. Дапамагла авіяцыя. Далі каманду схавацца, бо бамбілі няшчадна. Перадых дзве гадзіны — і паўторны ўдар. Зямля стагнала.

 Потым была рака Эльба. Сустрэча з амерыканцамі, «плотнымі», як запомнілася, людзьмі ў сіняй форме. Успамінае, як разам з імі святкавалі перамогу: «Пілі разам гарэлку. У нас — алюмініевая кружка, а ў іх — высокая, з пазалотай, чарка. Пілі з адной чаркі па чарзе, потым разбілі на шчасце!»

 Пасля перамогі над гітлераўскім фашызмам накіравалі на разгром мілітарысцкай Японіі.

 Быў чатыры разы паранены. Самую цяжкую рану атрымаў на Валакаламскім накірунку, у галаву. Тры месяцы ляжаў у шпіталі. Як прачнуўся, усе здзівіліся, бо думалі, што не выжыве. І цяпер успамінае медсястру ў белым халаціку, якая называла яго: «Землячок, землячок!».

 Міхаіл Панкратавіч мае тры ордэны Айчыннай вайны розных ступеняў, два ордэны Чырвонай Зоркі і больш дзясятка медалёў.

 Пасля вайны ажаніўся, працаваў па розных спецыяльнасцях. Быў і будаўніком, і кавалём, рабіў на МТС, будаваў Багушэўскі льнозавод, якому потым аддаў 18 гадоў. Працаваў і на Багушэўскім дрэваапрацоўчым камбінаце. За ўкараненне рацыяналізатарскіх прапаноў неаднаразова прэміраваўся, атрымліваў падзякі, ганаровыя лісты.

 Сёння Міхаіла Панкратавіча даглядае дачка. З 1990 года ён мае другую групу інваліднасці па стану здароўя.

 Ужо даўно выраслі дзеці, унукі, падрастаюць і праўнукі. Час вельмі хутка бяжыць. Цяпер такіх сведкаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, як Міхаіл Панкратавіч, засталося вельмі мала. Трэба іх берагчы, памятаць, шанаваць. Для іх наша ўвага вельмі многае значыць.

Ірына ГАРБАЧОВА,

студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава.

НА ЗДЫМКУ: Міхаіл Панкратавіч Янчылен

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *