Мошканские школьники уверены — Пасха несет радость

Пра звычаі і традыцыі, звязаныя са святкаваннем самага галоўнага свята праваслаўных хрысціян – Вялікадня, добра ведаюць машканскія школьнікі. Могуць доўга расказваць пра іх, больш таго, прапануюць рэцэпты дамашніх духмяных булак.

Адраджэнне традыцый нашых продкаў – адна з галоўных задач, якую ставіць перад сабой Таццяна Каранеўская, настаўніца працоўнага навучання, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Пёстрый лоскуток” Сенненскага РЦДіМ. На працягу дзесяці гадоў яна займаецца рэалізацыяй праектаў, звязаных з народнымі святамі і накіраванымі на далучэнне падрастаючага пакалення да вывучэння нацыянальнай культурнай спадчыны і захавання традыцый беларускага народа праз творчасць.

 

Святу Вялікадня прысвечаны праект “Пасхальны сувенір”. Як падзялілася Таццяна Паўлаўна, яго ўзнікненню пасадзейнічалі цесныя сяброўскія адносіны ўстановы адукацыі з настаяцелем храма Спірыдона Трыміфунцкага іерэя Аляксандра Аляксеева і матушкай Наталляй. “Прыпаднесці невялічкі падарунак, зроблены сваімі рукамі, на Вялікдзень самаму блізкаму чалавеку – чым не добрая справа. Менавіта гэтыя словы і падштурхнулі нас узяцца за работу, больш таго, сталі благаславеннем ад свяшчэннаслужыцеля”, — успамінае педагог.

 

За гады рэалізацыі праекта назбіраўся не адзін дзясятак работ, зробленых дзецьмі. Сярод яркіх, непаўторных твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — і вышыўка, аздобленая бісерам, і мініяцюрныя птушачкі, і велікодныя яйкі, булкі, рознага плану кампазіцыі на азначаную тэматыку і многае іншае. Работы выкананы з матэрыялаў, што не патрабуюць значных фінансавых затрат: паперы, абрэзкаў тканіны, прыроднага матэрыялу, яечнай скарлупіны, адходаў будаўнічых матэрыялаў. Вялікая колькасць дзяцей сярэдняга і малодшага звяна задзейнічана ў праекце.

 

“Таццяна Паўлаўна вучыць ствараць прыгажосць сваімі рукамі, — дзеляцца гурткоўцы. – Маральнае, духоўнае задавальненне мы атрымліваем, акунаючыся ў дзівосны свет фантазіі. А яшчэ наша Таццяна Паўлаўна расказвае ўсялякія гісторыі, звязаныя са святкаваннем Вялікадня: як фарбавалі яйкі нашы продкі, выпякалі булкі, словам, рыхтаваліся да свята”.

 Штогод юныя машканцы ўдзельнічаюць у абласным конкурсе дзіцячай творчасці “Божы свет вачыма дзіцяці”. І што самае прыемнае – іх работы заўсёды ў ліку прызёраў. А ў мінулым годзе рукатворную прыгажосць падапечных Таццяны Каранеўскай змаглі ацаніць арганізатары міжнароднага конкурсу на духоўнаю тэматыку, што праходзіў у Крыму. Заслужаных шэсць дыпломаў – высокі вынік удзелу сенненцаў у праекце.

Як падзялілася педагог, у яе планах у наступным годзе паспрабаваць з дзецьмі асвоіць тэхніку дэкупажа. Працаваць у ёй нескладана, вырабы атрымліваюцца вельмі цікавыя. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, да якой мы абавязкова вернемся праз год.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.