Дзяжурны рэпарцёр

Зіма, дарогі — адвечныя клопаты

Так яно для большасці вяскоўцаў. Насельнікі вёскі з надыходам зімы апынаюцца бы ў рэзервацыі, бо ўсе шляхі-дарогі замеценыя снегам. Так атрымалася і з жыхарамі в.Пількавічы Какоўчынскага сельсавета. Ад імя вяскоўцаў у рубрыку звярнулася Людміла Аляксееўна Купрэвіч. З-за нячышчанай дарогі ў вёску тры разы не даязджала аўталаўка. Людзі вымушаны былі за хлебам выпраўляцца ў Какоўчына хто на кані, а хто пешшу. Звярталіся па дапамогу ў сельсавет.

 Пра праблему Пількавіч у Какоўчынскім сельсавеце ведаюць. Дарогу расчысцілі б хутчэй, аднак у мясцовай улады сваёй снегаачышчальнай тэхнікі няма, а таму даводзіцца прасіць, у сваю чаргу, дапамогі ў дарожных службаў, у таго ж ДРБУ-146 і ДЭУ-38. Вось і атрымліваюцца замінкі. Але ў самы бліжэйшы час, паабяцалі ў сельсавеце, заяўка вяскоўцаў будзе выканана. На наступны дзень тэлефонны званок ад спадарыні Купрэвіч засведчыў: дарогу на Пількавічы пачысцілі.

Вольга Бандарэвіч.

Рэдакцыя атрымала адказ

 У рубрыцы «Дзяжурны рэпарцёр»(за 1 лютага 2010 №8) быў апублікаваны матэрыял «Хаджэнне па пакутах». Жыхарка Сянно Валянціна Гарбачова скардзілася на тое, што ўжо больш як паўгода не працуе прыстасаванне для сушкі ручнікоў. Яна неаднаразова звярталася да супрацоўнікаў ЖКГ, але праблема не вырашалася. Атрымаць адказ адразу не ўдалося і рэдакцыі, бо тлумачэнне праблемы ад майстра, які адказны за гэту сферу, мы так і не пачулі. Таму паслалі пісьмовы запыт. Сёння друкуем адказ:

 «…скарга грамадзянкі Гарбачовай Валянціны Васільеўны, якая пражывае па вуліцы Кастрычніцкай, д.140, кв.20, абгрунтаваная. Яе можна было пазбегнуць, каб больш аператыўна спрацавала структурнае падраздзяленне УП ЖКГ на чале з майстрам Рогам В.В. 8.02.2011 г. выкананы работы па рамонце гарачага водазабеспячэння і прыстасавання для сушкі ручнікоў.

 Майстру Рогу В.В. аб’яўлена вымова за несвоечасовае выкананне просьбы грамадзянкі Гарбачовай В.В.

                                                                      В.а. дырэктара А.З. Паддубец».

 Хоць і зацягнулася гэта гісторыя больш як на паўмесяца, але хочацца падзякавць адміністрацыі ўнітарнага прадпрыемства за тое, што не пакінулі пытанне без увагі. Асаблівае дзякуй, што адказалі рэдакцыі на беларускай мове, на якой пісаўся запыт. У наш час гэта рэдкасць. Хоць у Рэспубліцы Беларусь двухмоўе, амаль усе афіцыйныя паперы пішуцца па-руску. Нават тады, калі пасылаеш запыт на беларускай мове.

Кацярына КАРПОВІЧ.

 Сёння вас выслухае намеснік галоўнага рэдактара Міхаіл Васільевіч Бялоў па нумары 4-12-57.        

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *