Милиционер-кинолог Вадим Кореневский и его четырехлапая напарница Айза — на страже спокойствия сенненцев/фото+видео

На пытанне, што самае галоўнае ў яго працы, Вадзім Каранеўскі, міліцыянер-­кінолаг групы затры­мання ўзвода мілі­­цыі Сенненскага аддзя­лення Дэпартамента аховы МУС Рэс­публікі Беларусь, ад­казвае не задумваючыся: “Мала любіць жывёлу — трэба давяраць свайму чацвераногаму напарніку, як сабе”.

Вадзім Каранеўскі як ніхто іншы добра ведае, пра што гаворыць. Больш за пяць гадоў са сваёй падапечнай, прыгожай і статнай, разумнай Айзай ён заступае на дзяжурства. Для яго яна не толькі верны сябар, але і надзейны памочнік. Часам ад таго, як ты спрацуеш з сабакам, залежыць далейшы ход расследавання той ці іншай справы, выяўленне зламысніка, адзначае спецыяліст.

Востры нюх, які дарэчы у сабак у 10 000 разоў мацней, чым у чалавека, хуткасць рэакцыі дапамагаюць аператыўнікам раскрыць злачынствы па гарачых слядах. Айза добра ведае сваё прызначэнне. Яе неаднаразова бралі на затрыманне правапарушальнікаў, дапамагала яна і ў пошукавай рабоце. У прыватнасці, некалькі гадоў назад менавіта з яе ўдзе­лам прадстаўнікам міліцыі ўдалося разблытаць справу па крадзяжы грошай. Тады мужчына ўкраў у свайго ж суседа вялікую суму. Па паху Айза прывяла групу права­ахоўнікаў да дома злачынцы.

Тыя, хто лічаць, што працаваць з сабакамі вельмі лёгка і проста, глыбока памыляюцца. Для прыкладу скажам пра тое, што распазнаюць жывёлы не словы, а інтанацыі. Сабака павінен разумець, калі і за што злуецца на яго гаспадар. А калі ён хваліць, то рабіць гэта павінен з усёй шчырасцю. Таму лю­дзям безэмацыянальным у гэтай прафесіі не месца.

Каб жывёла выконвала пэўныя каманды, больш таго, не праяўляла агрэсію да навакольных і была адданай толькі свайму гаспадару, трэба шмат папрацаваць. Самы галоўны прынцып дрэсіроўкі — цярпенне. Захоў­ваць яго ох як няпроста. “Але, калі ты ставішся да сваіх абавязкаў з вялікай адказнасцю, справіцца з эмоцыямі можна і трэба, — гаворыць Вадзім Каранеўскі. — А колькі станоўчых эмоцый адольвае тады, калі бачыш, што сабака паказвае вынік!”

Айза ўзорна выконвае сваю работу. Ведае агульны курс паслушэнства, натрэнірава­на і па следавой рабоце. Але парадак ёсць парадак: штотыднёва ў яе праходзяць трэніроўкі, і займаецца з ёй сам Вадзім Мікалаевіч.

Сваю чацвераногую напарніцу ён убачыў упершыню, калі ёй было тры месяцы. У абласным спецыялізаваным пітомніку сярод шматлікіх пушыстых камячкоў узяў той, які прыглянуўся. Па душы выбіраў, з усмешкай успамінае Вадзім Каранеўскі. І не памыліўся. На той момант у сабакі была ўжо мянушка — Рэсі. Грубаватым падалося кінолагу гэтае імя. Яму не пярэчылі, калі папрасіў  змя­ніць яго на Айзу. 

“На сённяшні дзень у раённым аддзяленні Дэпартамента аховы ўтрымліваюцца тры службовыя сабакі — нямецкія аўчаркі. Гэта парода ўніверсальная. Жывёлы лёгка паддаюцца дрэсіроўцы, добра ідуць па следу і на затрыманне, — адзначае кінолаг. — Але сабакі, як і людзі, індывідуальныя: у кожнага свой характар. І гэта таксама трэба ўлічваць”.

 Па словах маладога чалавека, Айза добразычлівая, гуллівая, энергічная. Яе вельмі любяць дзеці. У мінулым годзе супрацоўнікі аддзялення аховы прыязджалі на свята ведаў у школу-інтэрнат. Ад юных сенненцаў не было адбою. Усім хацелася яе пагладзіць, скамандаваць “ляжаць”, “сядзець”.

Няўхільна выконваць каманды толькі свайго гаспадара —гэта і адданасць, і адзін з аспектаў прафесіяналізму сабакі. У тым, што Айза сапраўды бездакорна спраўляецца са сваімі абавязкамі, упэўніўся і карэспандэнт “ГС”, правёўшы, як ка­жуць, следчы эксперымент. Вадзім Каранеўскі даў каманду сваёй падапечнай знайсці пальчатку, якую журналіст схаваў у пэўным месцы. Айзе спатрэбілася некалькі хвілін, каб вярнуць рэч яе законнаму гаспадару.

Быць кінолагам — складана і адказна. Але за ўсім гэтым крыюцца свае станоўчыя моманты. Кожны раз заступаючы на службу, побач з табой твой адданы напарнік, твой сябар, які ніколі не здрадзіць, упэўнены Вадзім Каранеўскі. І для яго, як і для многіх міліцыянераў-кінолагаў, гэта, бадай, самае важнае.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.