21 лютага — Міжнародны дзень роднай мовы. Мова — “Адзежа душы” народа.

Яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя беларуская пісьменніца Цётка, звяртаючыся да сваіх сучаснікаў і нашчадкаў,  а гэта значыць, да нас, пісала: «Бедны той, хто апрача грошай, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, гэта любоў да Бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы…».

 21 лютага  1999 года ЮНЭСКА, па прапанове Бангладэш, аб’явіла Міжнародным днём роднай мовы. У гэты час у школах і  навучальных установах прахо­дзяць тыдні роднай мовы, якія насычаны шэрагам мерапрыемстваў, сустрэч, конкурсаў, алімпіяд. І ўсё ж бу­дзем шчырымі, беларуская мова ў апошнія гады выкарыстоўваецца абмежавана. Гараджане неахвотна карыстаюцца ёй, асабліва сучасная моладзь.  Маладыя людзі з вёсак, якія вучацца ў гора­дзе, пачынаюць цурацца сваёй «вясковай» гаворкі. І такіх людзей, якія паступова забываюць бацькоўскую мову, шмат, што вельмі сумна…

 Заўсёды захапляюся тымі людзьмі, якія без  сарамлівасці гавораць па-беларуску. Аднойчы я вярталася з заняткаў у інтэрнат. Ішла і думала пра свае справы. Вакол, як заўсёды, гара­д­ская мітусня, гул машын. І раптам сярод гэтага шуму пачула  сакавітую беларускую мову. Гэта настолькі ўзрушыла мяне, што міжволі ўсплыло параўнанне моўнай сітуацыі ў нашай краіне і ва Украіне, дзе сёння ўсюды размаўляюць толькі па-ўкраінску.

 Гэта ж вельмі прыгожа і годна, калі чалавек кажа на мове сваіх продкаў, якія так доўга чакалі свабоды і змагаліся за права гаварыць па-беларуску. Доўгі час наша мова была пад забаронай, як жывая істота, жадала жыць у сэрцах мільёнаў…

  У той вечар я ішла і думала — ці можна адчуваць сябе сапраўдным беларусам, грамадзянінам сваёй дзяржавы,  калі  не ўжываеш родную мову? Напэўна, не.  Некалі Францішак Багушэвіч казаў: «Мова — гэта «адзежа душы». Няхай жа душа беларускага чалавека, нарэшце, апранецца ў сваё адзенне, сатканае з такой прыгожай, звонкай беларускай мовы!

Надзея ЗУЕВА,

студэнтка ВДУ  імя П.М.Машэрава.