Сенненцы арганізуюцца ў дружыны

«Аб выкананні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2008 года  «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» саветам грамадскага пункта аховы правапарадку пры Багушэўскім пасялковым выканаўчым камі­тэце і  арганізацыямі г.п.Багушэўск» — такое пытанне было вынесена для абмеркавання на апошняе пася­джэн­не мясцовага выканаўчага органа ўлады. Улічваючы важнасць узнятай праблемы, у Багушэўск прыехалі старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі раённых арганізацый і прадпрыемстваў, якія маюць у гарпасёлку структурныя адзінкі, начальнікі аддзелаў райвыканкама. Удзел у рабоце  выканкама  ўзяў Міхаіл Вілюга, старшыня райсавета.

 Даклад па абмяркоўваемым пытанні зрабіла кіраўнік Багушэўскага  пасялковага Савета  дэпутатаў Любоў Трубека. У якасці садакладчыка выступіў Аляксандр Сінічэнка, начальнік Багушэўскага аддзялення міліцыі Сенненскага РАУС. Былі за­слу­ханы справаздачы кіраўнікоў некаторых багушэўскіх арганізацый. Аб рабоце па прафілактыцы правапарушэнняў гаварылі не толькі тыя з іх, дзе ў калектывах у гэтым аспекце дзейнасці ёсць праблемы. Станоўчым вопытам таксама можна было падзяліцца.

 У адпаведнасці з арт. 34 Закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» савет грамадскага пункта  вывучае стан парадку на тэрыторыі  пасёлка, са­дзей­нічае суб’ектам прафілактыкі правапарушэнняў у забеспячэнні аховы грамадскага парадку, выяўленні грамадзян, схільных да супрацьпраўных дзеянняў, праводзіць з імі  выхаваўчую работу. Савет грамадскага пункта збіраецца адзін раз у месяц, а пры неабходнасці — часцей. У выніку летась члены савета  правялі 14 пасяджэнняў. На іх запрашалі болей за 70 багушэўцаў, якія злоўжываюць алкаголем, скандаляць у сем’ях, не маюць пастаяннага  месца працы, нядаўна вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, з’яўляюцца абавязанымі асобамі. Запрашалі ў тым ліку работнікаў арганізацый, прадпрыемстваў, дзе працоўны калектыў выпрабаваў усе меры ўздзеяння. Заслухоўваліся справаздачы некаторых суб’ектаў прафілактыкі. Інакш савет грамадскага пункта аховы парадку пры Багушэўскім пасялковым выканаўчым камітэце не змог бы ў поўнай ступені выконваць сваю каардынацыйную і кантралюючую ролю.

 У практыку дзейнасці савета грамадскага пункта аховы правапарадку ўвайшлі такія формы работы, як правядзен­не сумесных з супрацоўнікамі РАУС, РАНС, пасялковага выканкама, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя сустрэч у працоўных калектывах. Інфармацыя аб здзейсненых у пасёлку правапарушэннях, злачынствах,  аналіз прычын, якія  гэтаму спрыялі, дапамагаюць у прафілактыцы негатыўных з’яў. Сумесная работа праводзіцца і з Багушэўскім сельвыканкамам. У прыватнасці, пры разглядзе на камісіі па справах непаўналетніх пытання аб прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва запрашаліся не толькі бацькі, якія  не належным чынам выконваюць свае абавязкі, але і кіраўнікі школ, псіхолагі, сацыяльныя педагогі, работнікі міліцыі, ідэолагі арганізацый. Падобная практыка дапамагае глянуць на праблему шырэй, выпрацаваць канкрэтныя меры ўздзеяння. У прыватнасці, у Багушэўску добра зарэкамендавалі сябе «нефармальныя» сустрэчы з гора-бацькамі, у якіх  нярэдка ўдзел прымаюць  святары. Яшчэ адна форма ўзаемадзеяння з сем’ямі — калядныя сустрэчы, якія, як правіла, заканч­ваюцца ўручэннем  дзецям падарункаў.

  Багушэўскі пасялковы выканкам падтрымлівае практыку правядзення выязных паказальных судоў, выязных пася­джэн­няў каардынацыйнага савета, якія звычайна праводзяцца сумесна з саветам грамадскага пункта. У Багушэўску праводзіцца шмат мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку правапарушэнняў. Мерапрыемства «Скажам піву — не!»  у рамках акцыі «Вуліца без алкаголю»  было арганізавана для вучняў багушэўскіх школ. Удзел у яго падрыхтоўцы прымалі прадстаўнікі многіх пасялковых устаноў і арганізацый. Ток-шоў «Су­пра­цоўніцтва» прайшло з удзе­лам супрацоўнікаў РАУС, старшыні пассавета, старшыні раённага Савета дэпутатаў. На яго былі запрошаны ўсе  жадаючыя жыхары пасёлка, прадстаўнікі працоўных калектываў. А галоўнае, гэтыя мера­пры­емствы рэальна садзейнічалі прапагандзе здаровага ладу жыцця.

 У Багушэўску найбольшая доля правапарушэнняў прыходзіцца на асоб, якія не ўключаны ў працоўную дзейнасць, злоўжываюць алкаголем. Менавіта гэтая катэгорыя найчасцей трапляе  ў поле зроку грамадскасці і прадстаўнікоў улад. На пасяджэнні савета грамадскага пункта ў 2009-2010 гадах запрашаліся кіраўнікі  Багушэўскага льнозавода, КУСГП імя Гараўца, спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзела моладзі райвыканкама, РК  ГА «БРСМ». Агульныя намаганні прынеслі жаданы вынік. Калі ў 2008 годзе ў Багушэўску на ўліку было 107 беспрацоўных, то па стану на 1 студзеня 2011 года — 18, а на ўліку ў аддзеле занятасці знаходзіцца ўсяго 8 чалавек.

 Мэтанакіраваная работа праводзіцца і з асобамі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Дапамога ім аказваецца ў афармленні пашпартоў, у працаўладкаванні,  рэгістрацыі па месцы жыхарства, афармленні пенсій. Дарэчы, пенсійныя выплаты  без рэгістрацыі па месцы жыхарства нельга атрымаць. А таму дапамога ўлады такім людзям жыццёва неабходная — наяўнасць жылля і сродкаў для існавання з’яўляецца галоўнай мерай і сродкам прафілактыкі злачынства.

 У 2010 годзе з месцаў пазбаўлення волі ў Багушэўск вярнуліся чатыры асобы, трое з іх працаўладкаваны. Не застаюцца без увагі абавязаныя асобы. Пераважная большасць з іх працуюць, многія выказалі жаданне аднавіць свае бацькоўскія правы, вярнуць дзяцей у сям’ю.

 І ўсё ж першым крокам у напрамку сацыяльнай ада­п­та­цыі людзей, якія злоўжываюць алкаголем, трэба лічыць лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Летась у гэтыя ўстановы накіраванне атрымалі 10 жыхароў пасёлка, у 2009 годзе — 6, 2008 — 4.

 Мэтанакіраваная прафілактычная работа вядзецца і сярод непаўналетніх багушэўцаў. Гэтую работу вядуць не толькі педагогі школ, работнікі міліцыі. Не застаюцца ўбаку ад выхаваўчага працэсу працоўныя калектывы, калі бацькам  не па сілах справіцца са сваімі нашчадкамі. У якасці станоўчых прыкладаў дакладчык назвала работу грамадскіх фармі­раванняў ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», Багушэўскай раённай бальніцы, абласной туббальніцы, КУПБА «Прэстыж». Скарацілася колькасць вучняў пасялковых школ, якія  здзейснілі правапарушэнні і злачынствы, менш стала сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, стаяць на ўнутры­школьным кантролі, на ўліку  ў інспекцыі па справах непаўналетніх.

 Прафілактыцы правапарушэнняў сярод дарослых і дзяцей садзейнічаюць арганізацыя вольнага часу, прыцягненне да спорту, папулярызацыя здаровага ладу жыцця. Зімовыя і летнія спартакіяды сярод працоўных калектываў Багушэўска, спаборніцтвы па валейболе, футболе — гэта далёка не поўны пералік тра­дыцыйных спартыўных ме­ра­пры­ем­стваў, якія праводзяцца ў гарадскім пасёлку. Сярод культурна-масавых мерапрыемстваў вылучаюцца конкурсы інсцэніраванай песні, КВНы, конкурс па добраўпарадкаванні тэрыторыі «Квіт­ней,  мой кут».

 Адным з суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў з’яўляецца добраахвотная дружына. Такія грамадскія  арганізацыі актыўна дзейнічаюць у лясгасе і леспрамгасе, пры пасвыканкаме. У апошнюю ўваходзяць работнікі лінейна-тэхнічнага ўчастка сувязі, раённай бальніцы, іншых устаноў.

 Падрыхтоўка да пасяджэння  пасялковага выканкама  выявіла і шэраг праблем. За 2010 год работнікі міліцыі прыцягнулі да адказнасці за дробныя хуліганствы 33 асобы, за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы —  43. Правапарушальнікі  працавалі ў лес­прам­гасе,  УП «РУП ЖКГ» (па 11 чалавек), лясгасе (5), туббальніцы (4). У некаторых арганізацыях  — участак РУП ЖКГ, участак па нарыхтоўцы драўніны і лесапілаванні ААТ «Віцебскдрэў»,  леспрамгас — недастаткова займаюцца прафілактычнай работай, мала заахвочваюць грамадска актыўных людзей.

 — Прафілактыкай правапарушэнняў трэба займацца як мінімум у двух напрамках. Па-першае, працаваць з тымі, хто ўжо стаў на шлях парушэння закону. Па-другое, весці мэтанакіраваную дзейнасць, каб не дапускаць фактаў злоўжывання алкаголем у быту і на рабочым месцы, дробных крадзяжоў. Метады, спосабы супрацьдзеяння правапарушэнням могуць і павін­ны быць адэкватнымі. Толькі тады ў грамадства з’явіцца шанц пераламіць сітуацыю, — выказаў сваё меркаванне Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама. Мікалай Вілюга звярнуў увагу членаў выканаўчага органа ўлады ў Багушэўску, кіраўнікоў ар­гані­зацый і ўстаноў на актуальнасць узнятай праблемы і выказаўся шчыра:

 — На маю думку,  корань зла хаваецца ў дрэнным улі­ку матэрыяльных каштоўнасцей. Як толькі мы  ліквідуем спакусу  займацца дробнымі кра­дзя­жамі дзеля набыцця алкаголю, праблема правапарушэнняў знікне сама па сабе. Вытворчасць стане працаваць больш эфектыўна, у сем’ях, на вулі­цах будзе больш спакойна. Органы ўлады ўсіх узроўняў, кіраўнікі прадпрыемстваў  павінны накіроўваць сваю работу і работу арганізацый менавіта ў гэтым напрамку.

Аляксандр ЛАЗЮК.