На Сенненшчыне ўшанавалі воінаў-інтэрнацыяналістаў

15 лютага ў Беларусі вядомы як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У большасці ён звязаны з падзеямі 1979-1989 гадоў. Сёлета адзначалася 22 гадавіна з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Праз пекла афганскай вайны прайшло больш за 30 тысяч беларусаў, болей 700 жывымі дадому не вярнуліся. Сенненцаў у радах «афганцаў» налічвалася 75 чалавек. Тры з іх «пры выкананні воінскага абавязку» загінулі. Яшчэ адзін, Аляксандр Звярковіч, да гэтага часу лічыцца прапаўшым без весткак.

 Успомніць герояў пайменна — з такой місіяй спецыяліс­ты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва на чале з кіраўніком В.І.Васілёнкам, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» А.У.Абушкевіч, кіраўнік ваенна-патрыятычнага гуртка «Спарта» А.В.Шумкоў накіраваліся на могілкі, дзе пахаваны воіны-інтэрнацыяналісты, каб ускласці вянкі да іх помнікаў. Яны наведалі пахаванні Аляксандра Галькевіча (в.Магілеўка Багушэўскага сельсавета), Васіля Стаселькі (в.Стрыгі Машканскага сельсавета), Віктара Русачэнкі (в.Івашкава Какоўчынскага сельсавета). Завіталі прадстаўнікі ўлады і ў в.Полымя, дзе жывуць родныя Аляксандра Звярковіча. Аблвыканкамам і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Сенненскага райвыканкама была выдзелена матэрыяльная дапамога маці героя Афгана.

 Таксама гэты дзень адзна­чыўся шэрагам памятных мерапрыемстваў у працоўных калектывах, установах адукацыі, бібліятэках раёна. У школах прайшлі «Урокі мужнасці», падчас якіх былі арганізаваны сустрэчы воінаў-інтэрнацыяналістаў з вучнямі.      

Вольга Бандарэвіч.

На здымку: старшыня Какоўчынскага сельсавета У.І.Мурашка, першы сакратар РК ГА «БРСМ» А.У.Абушкевіч, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне А.Л.Ва­сілёнак ля помніка В.Русачэнку.