Сенненцы знаходзілі адзін аднаго і ў Афгане

15 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Амаль 10 гадоў, са снежня 1979 года па люты 1989, маладыя хлопцы ў ваеннай форме салдат і афіцэраў Савецкай Арміі знаходзіліся ў краіне, дзе і зараз няма спакою, прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях, спрабавалі  прымірыць мясцовых праціўнікаў, нешта будавалі.

 Міхаіл Паляшкевіч, жыхар вёскі Перакопава,  таксама служыў у Афганістане. А прызываўся ён на тэрміновую службу ў войска з Полымя. Спачатку служба праходзіла ў  Джамбуле, што ў Казахстане. Тут знаходзіўся ваенны аэрадром, дзе базіраваліся верталёты і праходзілі падрыхтоўку маладыя лётчыкі з многіх краін свету, з якімі ў СССР былі сяброўскія ўзаемаадносіны.

 — На нашым аэрадроме можна было сустрэць неграў, прадстаўнікоў азіяцкай расы, — успамінае Міхаіл Паляшкевіч.  — У час службы — быў вадзіцелем транспартнага ЗІЛа, камандзірам аддзялення.  Як толькі савецкія войскі ўвайшлі ў Афганістан, нас таксама накіравалі туды.

  Частка машын  ішла сваім ходам, частку  перакінулі па паветры. За мяжой салдаты займаліся тым, што і ў Саюзе  —  забяспечвалі дзейнасць верталётнага палка. Толькі ўмовы  для абслугоўваючага персаналу і лётчыкаў сталі іншымі — баявымі.  Зразумела, у горы вадзіцелям аэрадромнай службы хадзіць не даводзілася. А вось псіхалагічнае напружанне прысутнічала пастаянна. Верталёты вярталіся з заданняў пашкамутаныя, нярэдка дастаўлялі параненых ці забітых. Неяк у суседняй часці за ноч прапала  некалькі салдат. Праз некаторы час іх галовы знайшлі ў рацэ. Таму да нясення каравульнай службы ставіліся вельмі адказна.

 — Смак вады,  у якой заварвалі вярблю­джыя калючкі, помню да гэтага часу, — усміхаецца мой субяседнік. — Такім чынам мы ратаваліся  ад  інфекцыйных захворванняў.

 У пісьмах дамоў Міхаіл, зразумела, не пісаў пра асаблівасці службы. Хоць бацькі здагадваліся — на канвертах была пазначана палявая пошта. А тут яшчэ земляка сустрэў,  Міхаіла Прышчэпу.

 — Летась у раённай газеце пра яго пісалі, — кажа Міхаіл Паляшкевіч. — Ён тады капітанам быў. Водпуск атрымаў, зайшоў у палатку. Смяецца — паехалі разам. Такія моманты  афганскай службы таксама не забываюцца.

 Дамоў малодшы сяржант Паляшкевіч вярнуўся ў пачату чэрвеня 1980 года.  Вучыўся ў Оршы, стаў спецыялістам па абслугоўванні халадзільнага абсталявання. Ажаніўся. Мікалай Лавіцкі, які таксама родам з беліцкіх мясцін,  тады працаваў дырэктарам саўгаса ў Ходцах і запрасіў маладую сям’ю ў гаспадарку. З цягам часу  вадзіцель аўтамабіля і наладчык халадзільнага абсталявання перакваліфікаваўся ў асемянатара буйной рагатай жывёлы.

  — Мая праца запатрабаваная. Яе вынікі залежаць цалкам ад мяне асабіста. І гэта мяне задавальняе, — разважае Міхаіл. — А што да афганскага перыяду жыцця, то ўзгадваю яго я рэдка, толькі тады, калі з’яўляецца нейкая нагода. Успамінаць трэба пра добрае, прыемнае.

Аляксандр Лазюк.

 На здымку: Міхаіл Паляшкевіч, удзельнік вайны ў Афганістане.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *