У сенненскіх гаспадарках «экстра» — пакуль рэдкасць, а не норма.
ДП «Саўгас імя Машэрава» амаль 80% малака, рэалізаванага на перапрацоўку ў студзені, паставіў на завод гатункам «экстра», астатняе — вышэйшым. Прыклад, варты для пераймання!
Прыкметны прагрэс у павышэнні якасці прадукцыі дасягнуты акцыянернымі таварыствамі «Студзёнка», «Кругляны», іншымі гаспадаркамі. Найвышэйшай якасці малако на перапрацоўку ў студзені не пастаўлялі толькі пяць гаспадарак з 15. Прагрэс? Як сказаць… У 2009 годзе Сенненскі раён па аб’ёму вытворчасці і продажу малака гатунку «экстра» займаў у Віцебскай вобласці трэцяе месца, па выніках мінулага года — 13.
І яшчэ пра тое, чаго нельга не сказаць — 8 сельгасарганізацый раёна прадалі амаль 10% ад агульнага аб’ёму рэалізацыі малака першым гатункам, у тым ліку больш чым за 44 тоны з 66 — ААТ «Пурплева», 51 з 80 — ААТ «Какоўчына», 15 з 39 — КУСГП «Полымя». А ёсць жа гаспадаркі, дзе рэалізоўваюць і малако другога гатунку: «Белая Ліпа», «Пурплева», «Бяленева», райаграсервіс.
Па інфармацыі лабараторыі Аршанскага МК, у прадукцыі з ААТ «Пурплева», КУСГП «Полымя» не-не, ды і выяўляецца вада. Аказваецца, вось чаму ў названых гаспадарках такі нізкі працэнт тлушчу нават зімой. Не лічаць свае грошы ні спецыялісты, ні даяркі. А трэба было б, бо ад вады, падлітай у малако, не прыбытак, а страты, як для гаспадаркі, так і для людзей. Асабліва здзіўляе пазіцыя адміністрацыі КУСГП «Полымя», дзе каровы ўтрымліваюцца толькі на дзвюх фермах, а таму наладзіць кантроль за якасцю прадукцыі куды прасцей, чым, скажам, у ААТ «Сінягорскае», дзе пяць малочнатаварных ферм.
У заключэнне яшчэ адно параўнанне. КУСГП імя Данукалава 37,8% малака рэалізавала гатункам «экстра», у ААТ «Бяленева», КУСГП імя Гараўца такой прадукцыі не выяўлена ні кілаграма. Ну не верыцца, што на фермах названых апошнімі гаспадарак няма малака найвышэйшай якасці. Думаецца, ёсць і ўмовы для яго атрымання, на стварэнне якіх патрачаны значныя сродкі. Няма, хутчэй за ўсё, волі ў людзей, якія там працуюць, каб пазмагацца за «экстру». А давядзецца знайсці яе, бо ва ўмовах рынку іншага не дадзена, бо толькі якасны прадукт здольны акупіць панесеныя затраты, канкурыраваць на ўнутраным і знешнім рынках харчовай прадукцыі.
Аляксандр Лазюк.