Здай бутэльку і атрымай скейтборд. Адзінаццацікласніца з Багушэўска сабрала больш за 3 кг ПЭТФ-тары.

Ужо каторы год запар інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя  ладзіць раённы конкурс па  зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў — бутэлек з полі­этылентэрэфталату сярод школ Сенненскага раёна. Не быў выключэннем і мінулы год.

 У конкурсе прынялі ўдзел 13 устаноў адукацыі. Са­бра­на 56606 штук ПЭТФ-бутэлек. Найбольшую коль­касць бутэлек  сабралі навучэнцы УА «Літусаўская дзяржаўная агульнаадукацыйная базавая дзіцячы сад-школа» (9020 штук). Потым ідуць УА «Алексініцкая ДАСШ» і  УА «Сенненская ДАСШ №2».

 У індывідуальным заліку пераможцамі сталі Алена Андрэева, вучаніца  11 класа УА «Багушэўская ДАСШ №2» (3333); на другім месцы аказалася Сняжана Казі­мірава з Алексініч і на трэцім — Нікіта Лісецкі, вучань 2 класа з Ульянавіч.

 Яны ўзнагароджаны дыпломамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама заахвочаны каштоўнымі падарункамі.

 Падведзены вынікі  і ў разрэзе ўсіх школ, дзе таксама вызначаны  прызёры. Ім уручаны памятныя падарункі.

 Акрамя ПЭТФ-бутэлек у раёне збіраліся папера, шкло, тэкстыльныя матэрыялы, зношаныя шыны, палімерныя адходы, металалом. Усяго другасных матэрыяльных рэсурсаў здадзена 2269 тон, што складае 145,1% да гадавога задання. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у вобласці.

 Безумоўна, сам па сабе поспех не прыйшоў. Актыўную і зацікаўленую пазіцыю ў гэтай справе займае сам начальнік  раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы  навакольнага асяроддзя Эдуард Іванавіч Зелентаў. Ён жаданы госць у вучнёўскіх калектывах, бо пра такую, здаецца, будзённую справу, як збор другаснай сыравіны, расказвае цікава, захапляюча, робячы ўхіл на тую шкоду, што прычыняюць прыродзе розныя бытавыя і прамысловыя адходы, а таксама на карысць, якую прыносяць дзеці  сабе і будучым пакаленням, прамысловасці рэспублікі, збіраючы другасную сыравіну.

Міхаіл Бялоў.

 

Алена Андрэева — пераможца конкурсу з дыпломам і падарункам — скейтбордам.