Валянцінаў дзень — свята для дваіх

Ужо больш за 18 стагоддзяў  існуе Дзень Усіх Закаханых. Ідэяй свята было   знаходжанне сваёй палавінкі, у выніку чаго пасля 14 лютага стваралася вялікая колькасць сямей.

 У 269 годзе імператар Клаўдзій II збіраўся пакарыць свет, але рымскае войска адчувала востры недахоп салдат для ваенных паходаў, што перашкаджала планам імператара. Крыніцу ўсіх бед Клаўдзій II бачыў у шлюбе і таму забараніў абрад шлюбу. Але па­між сэрцамі, якія сапраўды кахаюць, няма перашкод. І вось святар, якога звалі Валянцінам, асмеліўся парушыць забарону тырана. Абрады шлюбу здзяйсняліся таемна.

  Аднак імператар усё ж пра гэта даведаўся, і вельмі хутка Валянціна кінулі ў турму. За некалькі дзён да смяротнага пакарання да яго прывялі дзяўчыну, дачку аднаго з турэмшчыкаў, якая была цяжка хворая, і Валян­цін быў апошняй надзеяй. Ён вылечыў дзяўчыну, але самому дапамагчы ўжо было нельга.

 Пакаранне было прызначана на 14 лютага. За дзень да гэтага Валянцін папрасіў у турэмшчыка паперу, ручку і чарніла і хутка напісаў дзяўчыне развітальны ліст. 14 лютага 270 года яго пакаралі смерцю. А дзяўчына адкрыла запіску, дзе Валянцін напісаў пра сваё каханне да яе і падпісаўся: «Твой Валянцін». Было гэта так ці па-іншаму, але з тых часоў запіскі закаханых ў дзень Святога Валянціна выглядаюць зусім натуральным і нават неабходным, традыцыйным крокам. З таго часу закаханыя шануюць Святога Валянціна і лічаць яго сваім заступнікам.

 Прыдворны летапісец англійскага двара Сэмюэль Пэпіс у канцы XVII ст. зрабіў запіс пра тое, што 14 лютага закаханыя могуць абменьвацца сувенірамі: пальчаткамі, кольцамі і цукеркамі. Так і павялося, што падарунак на Дзень Святога Валянціна абавязкова павінен складацца з розных ласункаў у форме сэрца: торта, цукерак, печыва, пірожных, шакалада. Акрамя гэтага абавязкова дорацца кветкі і «валянцінкі».

 У гэты дзень стала вельмі папулярным адзначаць вяселле. А яшчэ ў гэты дзень жанчына можа падысці да любога мужчыны (які ёй спадабаўся) і прапанаваць ажаніцца з ёю. І ніводны мужчына не павінен пакрыўдзіць жанчыну адмовай, а проста замест прапановы рукі і сэрца ён абавязаны падарыць шаўковую сукенку.

 Напэўна, не варта будзе абмяжоўвацца адным падарункам. Зрабіце ўвесь дзень 14 лютага асаблівым і падарыце каханаму ці каханай свята! Раніца можа пачацца з кубачка кавы ў ложак, а вечар — з рамантычнай вячэры. Паверце, вашу ўвагу і каханне ацэняць, бо магчымасць правесці свята ўдваіх, шануецца больш, чым усе дыяменты гэтага свету.

Надзея ЗУЕВА,  студэнтка ВДУ імя  П.М.Машэрава.