Жители Сенненщины догоняют итальянцев в вопросах детского усыновления.

За мінулы год, згодна з рашэннем суда Сенненскага раёна, 11 нашых землякоў пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносіне да 16 дзяцей. Для параўнання заўважым, што ў 2009 годзе без роднага сямейнага ачага засталося 19 непаўналетніх, юрыдычнае права называць сябе бацькамі страцілі 10 чалавек. Падобныя лічбы і факты не могуць пакінуць абыякавымі нават самых бяздушных людзей,  выклікаюць трывогу за будучыню грамадства.

 Мая субяседніца Святлана Рубанава ў аддзеле адукацыі  Сенненскага райвыканкама ўзначальвае сектар аховы дзяцінства. Яна прыводзіць і іншыя факты, якія  дазваляюць глядзець у заўтрашні дзень з аптымізмам.

 — За 2010 год пяць дзяцей усыноўлены жыхарамі нашага раёна, 6 — італьянцамі. Сярод іх толькі  адна асоба, якая стала сіратой пасля смерці бацькоў. Астатнія аказаліся ў дзіцячых казённых установах  пры жывых бацьках.  Асабліва рэльефна  ўспрымаюцца прыведзеныя вышэй факты, калі ўлічыць, што ў 2009 годзе нашы суграмадзяне ўсынавілі толькі адно дзіця. Павелічэнне колькасці дзяцей, якія сталі паўнапраўнымі членамі беларускіх сямей, не можа не радаваць. Пра станоўчую для грамадства тэндэнцыю сведчыць таксама той факт, што сёлета  і  летась некалькі дзяцей вярнуліся ў біялагічныя сем’і. Гэта азначае, што іх бацькі змаглі вярнуцца да здаровага ладу жыцця, і суд аднавіў іх у правах. Актыўна аднаўляюць у апошнія гады свае правы бацькі, дзеці якіх з’яўляюцца інвалідамі і знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні ў доме-інтэрнаце ў Рабцаве.

 — Такім чынам, у асоб, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, застаецца шанц пачаць  узаемаадносіны з дзецьмі з чыстага ліста?

 — Шанц застаецца да таго часу, пакуль дзіця не ўсынавілі. Як толькі юрыдычны працэс завершаны, біялагічныя бацькі назаўжды страчваюць  магчымасць аднавіць сваё бацькоўства. Скажу больш, усынаўляльнікі звычайна даюць дзецям не толькі новыя прозвішчы і імёны па бацьку. Нярэдка мяняюцца імя дзіцяці, дата і месца нараджэння, сям’я пераязджае на новае месца жыхарства. Трэба разумець, што міжасабовыя ўзаемаадносіны нават у біялагічных сем’ях, не кажучы пра тыя, дзе дзіця ўсыноўлена, гэта вельмі далікатная сфера, якая іншы раз стваралася на працягу многіх гадоў. Адным словам, новыя бацькі, якія знайшлі сваё шчасце, робяць магчымае і немагчымае, каб далейшае жыццё дзіцяці, сям’і праходзіла без стрэсаў, без залішняй увагі з боку абывацеляў.

 — Згодны, новая сям’я павінна мець магчымасць засланіцца ад празмерна цікаўных асоб. Але ж кідаць дзіця на людзей, якія, будзем шчырымі, не заўжды да канца разумеюць усю адказнасць, узятую на сябе, даволі небяспечна. У жыцці здараецца ўсялякае…

 —  Органы апекі для таго і створаны, каб назіраць, як складваюцца ўзаемаадносіны ў сем’ях, у тым ліку прыёмных, апякунскіх, стаяць на ахове правоў дзіцяці. Нават тыя дзеці, што ўсынаўляюцца грамадзянамі замежных краін, не застаюцца па-за ўвагай беларускай дзяржавы. Кантакты з імі падтрымліваюцца праз супрацоўнікаў консульстваў, пасольстваў, інтэрнэт.

 — Святлана Мікалаеўна, не сакрэт, што для многіх прыёмных сем’яў дзіця з інтэрната — гэта спосаб зарабіць грошы.

 — Кожнае дзіця павінна расці ў сям’і — гэта аксіёма. Найлепшы варыянт, калі выхаваннем займаюцца біялагічныя бацькі, калі роднасць душ мацуецца генетычнай еднасцю. Але так бывае далёка не заўжды. Таму можна смела казаць, што прыёмныя, апякунскія сем’і  таксама маюць права на жыццё. У іх дзеці ўсё ж лепш спасцігаюць міжасабовыя ўзаемаадносіны, вучацца элементарным бытавым навыкам. Адным словам, сацыялізацыя адбываецца ў  натуральным асяроддзі. Гэта вельмі дапамагае маладым людзям, якія пачынаюць рабіць першыя крокі ў самастойным жыцці. Важна для грамадства і дзяржавы, бо шанц атрымаць фізіялагічна і маральна здаровую асобу павышаецца. Гэта добра разумеюць у Сенненскай школе-інтэрнаце, дзе шмат зроблена для сацыялізацыі выхаванцаў. Адным з апошніх крокаў у гэтым накірунку трэба лічыць пашырэнне, так званай, кантактнай сеткі. Сутнасць гэтага элемента заключаецца ў тым, што ў час канікулаў, у выхадныя дні інтэрнатаўцы жывуць у сем’ях выкладчыкаў і родзічаў, знаёмых і незнаёмых людзей. Так што кантактную сетку, якая адначасова з’яўляецца асновай для стварэння прыёмных, апякунскіх сем’яў, трэба пашыраць.

— Дзякуй за гутарку.

Аляксандр Лазюк.

 

Ребенок, появляющийся в семье, — всегда чудо. И для этого не всегда нужны 9 месяцев. Ведь малыша можно не только родить, но и принять в свою семью кроху, дав ей новый дом, любовь, заботу, понимание.

 Однако для усыновления ребёнка необходимо обладать достаточной зрелостью и ответственностью. А самое важное — очень сильно желать отогреть детскую душу, с которой вас соединит не кровное родство, а зов сердца. Только при таком условии вы уже никогда не сможете о своем усыновленном ребенке сказать «чужой», потому что, как никто, будете понимать: чужих детей не бывает.

 По всем вопросам, касающимся усыновления и других форм замещающего родительства, следует обращаться в районный отдел образования по месту  жительства или в Национальный центр усыновления по адресу: г.Витебск, ул.Правды, д.48, каб.29, тел/факс 8(0212)47-77-28. Здесь всегда с радостью встретят и помогут людям с сердцем, открытым детям.