Сегодня все медики Беларуси отмечают свой профессиональный праздник – День медицинских работников

Праца на грані: у рэанімацыі кожная хвіліна «залатая».

Адна са змен аддзялення

Ва ўсім свеце работа спецыялістаў  аддзялення рэанімацыі справядліва аднесена да адной з самых складаных.

Яна патрабуе не толькі найвышэйшага ўзроўню ведаў і ўменняў, але і псіхалагічнай устойлівасці.

Работа ў пастаянным стрэсе, аб’ектыўна высокі ўзровень смяротнасці прыводзяць, не пабаюся гэтага слова, да жорсткага прафесійнага выгарання, справіцца з якім удаецца далёка не кожнаму. Многія проста пакідаюць аддзяленне, працягваючы працаваць у іншых сферах медыцыны.

 — І ў нас былі выпадкі, калі людзі не вытрымлівалі нагрузкі. Але гэта адзінкавыя эпізоды, — расказваае Віктар Ксянзоў, загадчык аддзялення анестэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы. — Як правіла, аддзяленне пакідалі тыя, хто па розных сямейных абставінах з’язджаў з раёна. Дзе б гэтыя людзі не працавалі, за іх ніколі не будзе сорамна. Прайшоўшы школу ўзаемадапамогі і адказнасці за вынік сваёй работы, гэтыя спецыялісты і на новым месцы працы дабіваюцца поспеху.

 Віктар Ксянзоў, як ніхто іншы, добра ведае, што значыць вяртаць чалавека да жыцця. Амаль 30 год ён узначальвае аддзяленне. А дакладней, з дня яго адкрыцця, з 1991 года. Першапачаткова штат быў невялікі — тры ўрачы і тры медыцынскія сястры. Сёння з цеплынёй у голасе Віктар Ксянзоў успамінае сваіх былых калег, тых, на чые плечы ў пачатку 90-ых лягла вялікая адказ­насць за сваю працу не толькі перад пацыёнтамі, але і перад іх роднымі.

 І, нягледзячы на тое, што ўжо некалькі разоў змяніўся калектыў, нязменным застаюцца тыя прынцыпы працы, якія закладзены літаральна з адкрыцця аддзялення рэанімацыі. Адкрытасць, сумленнасць перад сабой і тымі лю­дзьмі, якія побач, і, безумоўна, праца з поўнай аддачай, дзеля агульнай мэты — выратавання жыцця. Менавіта гэтыя пастулаты нароўні з прафесіяналізмам і зараз дапамагаюць спецыялістам годна выконваць сваю работу.

 У 1991 годзе рэанімацыйнае аддзяленне значна адрознівалася ад сённяшняга, сучаснага. Зараз у аддзяленні функцыянуюць дзве палаты, якія разлічаны на 6 ложкаў, працуюць тры ўрачы і 11 медыцынскіх сясцёр. Палаты аснашчаны сучаснай апаратурай для маніторынгу фізіялагічных параметраў пацыентаў, правядзення штучнай вентыляцыі лёгкіх і іншым абсталяваннем. Рэанімацыйныя ложкі маюць магчы­масць адаптацыі да найбольш зручнага палажэння хворых. У мінулым годзе кваліфікаваная рэанімацыйная дапамога была аказана каля 500 пацыентам.

 Якасць аказання медыцынскай дапамагі значна ўзрасла. І гэта вельмі радуе. Калі раней хворых часта даво­дзілася дастаўляць у абласны цэнтр, то сёння комплекс рэанімацыйных мерапрыемстваў праводзіцца на месцы. Да прыкладу, спецыялісты могуць часова імплантаваць кардыёстымулятар, безаперацыйна ўставіць трахеастому і многае іншае.

 Калі сказаць, што работа ў рэанімацыі складаная — значыць нічога не ска­заць. Яна зусім не падобна на тую, што паказваюць у кіно. Рэальнасць такая: у самым складаным аддзяленні нярэдка знаходзяцца самыя складаныя пацыенты: з вострымі парушэннямі мазгавога кровазвароту, часта без прытомнасці, нерухомыя, у літаральным сэнсе — паміж жыццём і смерцю. На жаль, не ўсіх удаецца выратаваць. Прывыкнуць да гэтага нельга, адзначае мой суразмоўца і дадае: каб чалавек жыў, мала намаганняў спецыялістаў, трэба, каб ён сам сябе прымусіў жыць. Таму так неабходна размаўляць з пацыентамі, важна блізкім людзям наведваць іх, няхай нават па некалькі хвілін.

 — У рэанімацыі працуюць у камандзе, — упэўнены Віктар Ксянзоў. — А яна ў нас ёсць. У нашым калектыве няма выпадковых людзей, усе працуюць як адзіны арганізм, бо, калі хтосьці не будзе спраўляцца са сваімі абавязкамі, то пра зладжаную работу ўсёй каманды трэба забыць. Мы розныя па ўзроставым цэнзе, што дазваляе нам дзяліцца ведамі, дапамагаць адзін аднаму. Тут не ідуць — бягуць, калі патрэбна дапамога. Формула «я – начальнік, ты — падначалены» не для аддзялення рэанімацыі.

 З максімальнай самааддачай тут працуюць прадстаўнікі сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу. Вялікая нагрузка на іх плячах, бо які б не быў прафесійны ўзровень урача, выхадзіць цяжкага хворага адзін ён ніколі не зможа. Медсёстрам не складана лішні раз падысці да пацыента, бо яны добра разумеюць, наколькі хворым у да­най сітуацыі патрэбна ўвага і догляд.

 Быць сястрой рэанімацыі — да гэтага трэба прыйсці. Ірына Буйдо (на здымку першая злева) — адзіная медсястра, якая не сышла з абранага шляху, не здра­дзіла рэанімацыі. Разам з Віктарам Ксянзовым яна ў аддзяленні з яго адкрыцця. Актыўная, адкрытая, лёгкая ў зносінах, заўсёды ўзважана прымае рашэнні. Сёння яна многаму можа навучыць любога навічка, такімі словамі характарызуе сваю падначаленую загадчык аддзялення. Нездарма яе праца адзначана на высокім узроўні. Як расказаў карэспандэнту «ГС» Андрэй Какойчанка, галоўны ўрач Сенненскай ЦРБ, за шматгадовую добрасумленную працу Ірына Буйдо адзначана Ганаровай граматай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

 Ала ЯКАЎЛЕВА.

 Фота аўтара.