Школьные экзамены — первый шаг в самостоятельную жизнь

У краіне заканчваюцца выпускныя экзамены за перыяд навучання і выхавання на другой і трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі.     

 Сенненская школа-інтэрнат — агульнаадукацыйная ўстанова, дзе разам сабраліся дзеці са складаным сіроцкім лёсам. Тыповы будынак у ціхім маляўнічым кутку Сенненшчыны, здаецца, яшчэ больш затаіўся і прыціх. Тсс… Нашы дзеці праходзяць складаныя выпрабаванні: яны рыхтуюцца да выхаду ў вірлівы свет, дзе ацэньваць і пераацэньваць іх будуць пастаянна. І няхай хаця б гэты першы пробны жыццёвы залік спакойна і камфортна пройдзе там, дзе іх любяць і берагуць, каб яны змаглі падрыхтавацца і набрацца вопыту.
 У гэтым годзе ў экзаменацыйных іспытах прымаюць удзел 32 навучэнцы школы-інтэрната. На другой ступені — 21, на трэцяй — 11. Для правядзення іх правядзення ў школе спецыяльна адведзены другі паверх. Тут дзяжураць настаўнікі, выстаўлены таблічкі з надпісам “Цішэй! Ідуць экзамены!” З першага погляду здаецца, што хвалююцца ўсе: дзеці, якія здаюць свой першы сур’ёзны экзамен; настаўнікі, для якіх вучнёўскія адзнакі — вынік іх шматгадовай працы, паказчык выніковасці; адміністрацыя, якая заклапочана, каб усё прайшло гладка і без нараканняў. Але як толькі вучні рассаджваюцца ў класных памяшканнях, бачаць знаёмыя твары настаўнікаў у экзаменацыйных камісіях, на змену страху паступова прыходзіць упэўненасць у сваіх сілах. Пачынаецца экзамен… Ну, як кажуць: “Ні пуху вам, ні пер’я!”

 Вось так, як блакітны цягнік, нясецца школьнае жыццё да новага прыпынку пад назвай «Самастойнае жыццё». А наперадзе — развітанне са школай, з мілым домам, які назаўсёды заклаў у іх душы веды і маральныя прынцыпы, адвагу, якая дапаможа не спасаваць перад цяжкасцямі, і вопыт, з дапамогай якога гэтыя

цяжкасці будуць пераадолены. І нічога, што жыццёвыя выпрабаванні толькі пачынаюцца і будзе іх столькі, што не пералічыць. Упэўнена, навучэнцы іх асіляць!

Кацярына КРУЧОК,

загадчыца школьнай бібліятэкі.