СЕННЕНСКИЕ МЕТЕОРОЛОГИ ДЕЛАЮТ ПРОГНОЗЫ НА БУДУЩИЙ УРОЖАЙ

Студзень, які традыцыйна вызначаецца нізкімі тэмпературамі, сёлета выдаўся на дзіва цёплым, са значнымі ападкамі.  Удзень тэмпература пераважна вагалася ў межах ад 0 да мінус 5 градусаў па Цэльсію, уначы — ад мінус 6 да мінус 8. У найбольш халодныя ночы яна апускалася да мінус 17-18 градусаў, у асобных месцах раёна — да мінус 19. У выніку сярэднямесячная тэмпература аказалася на тры градусы цяплей за кліматычную норму і на 8 градусаў — студзеня мінулага года.

 Ападкі ў  першым месяцы 2011 года выпадалі пераважна ў выглядзе снегу, іншы раз наглядалася імжа, ішоў дождж. На тэрыторыі метэастанцыі за месяц выпала 59 мм ападкаў (1,5 месячнай нормы), на тэрыторыі аграметэаралагічнага пункта ў Машканах — 80 мм, ці 2,5 нормы. На працягу месяца глеба заставалася замерзлай. Аднак прамярзанне з 20-25 см зменшылася да 5-10 см. Такія ўмовы надвор’я для зімовых культур метэаролагі характарызуюць як здавальняючыя. І ўсё ж  улічваць стан раслін земляробам трэба. Таму прадаставім слова начальніку сенненскай метэастанцыі Алене Барадзіной:

— Тэмпература глебы на глыбіні 3 см, дзе знаходзіцца вузел кушчэння, на працягу месяца не апускалася ніжэй за мінус 4 — мінус 5 градусаў па Цэльсію.  На палетках захоўвалася  прыцёртая да глебы ледзяная кара. Аднак адмоўнага ўздзеяння  нават на пшаніцу яна аказаць не змагла, бо вышыня  лёду не перавышала  13-20 мм. Ды і то  яна ўтварылася пераважна ў месцах паніжэння рэльефу.

 Пад уздзеяннем цёплага надвор’я на працягу студзеня ў  азімых культур пачалося расходванне назапашаных з восені пажыўных рэчываў. Для  высвятлення фактычнага стану азімых культур метэаролагі 25 студзеня ўзялі пробы на адрошчванне: 4 пробы азімай пшаніцы і 4 пробы азімага рапсу. У выніку мы засведчылі, што азімая пшаніца знаходзілася ў фазе «кушчэння», азімы рапс —  у фазе «трэцяга сапраўднага ліста». Колер раслін — зялёны. Вынікі адрошчвання паказалі таксама, што гібель раслін не перавысіла натуральныя нормы і  склала  менш за 10 працэнтаў. Гэта дазваляе зрабіць вывад, што перазімоўка азімых культур у першай палове прайшла здавальняюча.

Аляксандр Лазюк.