МЕДЫКІ НЕ РЭКАМЕНДУЮЦЬ РАБІЦЬ ПРЫШЧЭПКІ АД ГРЫПУ Ў ПЕРЫЯД УЗДЫМУ ЗАХВАРАЛЬНАСЦІ.

Аб гэтым паведаміў намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Алег Арнаутаў.

 Масавая вакцынацыя ад грыпу ўжо завершана. І тым, хто не зрабіў прышчэпку раней, у перыяд уздыму захваральнасці рабіць гэта не варта.

  У выпадку вакцынацыі абарона ад захворвання ўзнікае ў 90 працэнтах выпадкаў. Калі прышчэплены чалавек захварэў, то грып праходзіць у лёгкай форме і, як правіла, без ускладненняў, адзначыў Алег Арнаутаў.

 Састаў вакцыны мяняецца штогод. На аснове маніторынгу СААЗ дае вытворцам і краінам рэкамендацыі, якія антыгены трэба ўключаць у вакцыну. «Вакцына, што прымяняецца ў 2011 годзе ў Беларусі, мае ў саставе антыгены супраць трох узбуджальнікаў віруса — пандэмічнага віруса грыпу, сезоннага віруса грыпу А і віруса грыпу Б», — удакладніў Алег Арнаутаў. Гэтыя вірусы грыпу найбольш часта сустракаюцца, а кампаненты, якія мае ў саставе вакцына, павінны выпрацаваць імунітэт да гэтых вірусаў.

 Эпідэміі грыпу здараюцца штогод не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Аднак інтэнсіўнасць эпідэмій бывае розная, і яна залежыць ад многіх фактараў. У першую чаргу, ад таго, якія пераважаюць узбуджальнікі, па-другое — наколькі сур’ёзна падрыхтаваліся ў міжэпідэмічны перыяд, якія меры прафілактыкі прымянялі. «Хутчэй за ўсё, эпідэмічны ўздым захваральнасці будзе, але мы прагназуем, што інтэнсіўнасць яго будзе крыху ніжэйшая, чым у 2010 годзе», — рэзюмаваў ён.