ПРОФСОЮЗЫ УЧИЛИСЬ ОТСТАИВАТЬ ПРАВА ТРУДЯЩИХСЯ.

Раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК сабраў разам усіх сваіх актывістаў, якія былі прадстаўлены старшынямі прафсаюзных камітэтаў і грамадскімі інспектарамі па ахове працы, — у Сенненскім РДК прайшла іх вучоба. На заняткі былі запрошаны таксама кіраўнікі, галоўныя эканамісты, юрысты, інжынеры па ахове працы, інспектары аддзелаў кадраў усіх сельгасарганізацый, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, прадпрыемстваў і ўстаноў, што структурна ўваходзяць у аграпрамысловы комплекс раёна. У якасці лектараў па асноўных пытаннях  выступілі спецыялісты Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК.

Першым да прысутных звярнуўся Міхаіл Казлоўскі, галоўны спецыяліст па прававой рабоце. Пачаўшы гаворку з пералічэння довадаў на карысць важнасці выканання працоўнага заканадаўства ў арганізацыях сельскай гаспадаркі, ён  тут жа заўважыў: «Скажу інакш — парушэнні працоўнага заканадаўства   тояць небяспеку перш за ўсё для кіраўніка. Менавіта ён, больш чым хто, зацікаўлены ў захаванні ўсіх прававых нормаў».

Як сведчаць праверкі, якія праводзяць спецыялісты абласнога камітэта прафсаюза, парушэнні заканадаўства пачынаюцца ўжо пры прыёме на працу. Перш чым атрымаць допуск да работы, новы работнік павінен прадаставіць шэраг дакументаў і азнаёміцца,  як мінімум, з  працоўнымі абавязкамі, правіламі ўнутранага распарадку. На практыцы гэта адбываецца далёка не заўжды. Неабходная дакументацыя на новага работніка афармляецца доўга, а ён тым часам ужо працуе, выконвае абавязкі без азнаямлення з правіламі тэхнікі бяспекі, унутраным распарадкам прадпрыемства і г.д.

У час размовы ўвага звярталася на асаблівасці заключэння працоўнага дагавора, у тым ліку кантракта,  які, як вядома, прыкметна пагаршае  прававыя ўмовы работніка. Вось таму ўзамен ён павінен абавязкова мець дадатковы водпуск, кантрактную дабаўку.

Сярод іншых заканадаўчых нормаў цікавасць у прысутных выклікалі  палажэнні аб пераводзе на іншую пасаду, сумяшчальнасці, спагнаннях, працоўным водпуску.

У іншым стылі ішло абмеркаванне ролі калектыўнага дагавора, які заключаецца паміж адміністрацыяй і прафсаюзным камітэтам. Галоўны спецыяліст па  сацыяльна-эканамічнай рабоце абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК Тамара Чумакова,  прааналізаваўшы тыповыя недахопы, што маюць месца пры падпісанні названага дакумента,  папярэдзіла: «Калі калектыўны дагавор не паляпшае ўмовы працы, не стварае дадатковую абарону для  работніка, то ці трэба яго  заключаць? Навошта ўключаць у яго палажэнні, якія  ўтрымліваюцца ў працоўным заканадаўстве?»  Адрасаваўшы гэтыя словы пераважна кіраўнікам арганізацый і прафсаюзных камітэтаў, яна прывяла канкрэтны прыклад. Каб заахвоціць моладзь да працы ў сельскай гаспадарцы, у некаторых прадпрыемствах дадатковыя выплаты маладым спецыялістам  робяць не толькі пры іх прыёме на працу, што прадугледжана агульнадзяржаўнымі актамі, але і пасля двух гадоў працы, пры ўмове, што нядаўні  выпускнік навучальнай установы застаецца працаваць далей. Юрыдычнай падставай для гэтага можа стаць пункт у калектыўным дагаворы. «Калектыўны дагавор — гэта спосаб узмацніць сацыяльную абароненасць работнікаў», — падкрэсліла Тамара Чумакова. Галоўны спецыяліст абласнога камітэта галіновага прафсаюза пазнаёміла ўдзельнікаў семінара з методыкай падрыхтоўкі праекта калектыўнага дагавора. Усе жадаючыя атрымалі яго макет у электронным выглядзе.

Міхаіл Лабко ў абласным камітэце прафсаюза работнікаў АПК працуе галоўным тэхнічным інспектарам працы. Сваю размову з прысутнымі ў зале ён пачаў з аналізу канкрэтных выпадкаў, калі людзі на вытворчасці атрымлівалі траўмы. Колькасць іх у Сенненскім раёне, Віцебшчыне ў апошнія гады змяншаецца. А вось 2011 год пачаўся з трагедыі. У Верхнядзвінскім раёне пры дэмантажы цялятніка загінулі тры рабочыя будаўнічай брыгады, столькі ж атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Міхаіл Лабко не хаваў — ужо да завяршэння расследавання зразумела, што прычынай трагедыі стала парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі на вытворчасці.  На працягу некалькіх гадоў аварыйную пабудову разбіралі без выкарыстання тэхнікі, без страховачных прыстасаванняў. У рэшце рэшт гэта і  прывяло да смерці людзей. А колькі яшчэ трагедый можа здарыцца, калі ў сельгасарганізацыях будуць з’яўляцца загады накшталт «павялічыць даплату трактарысту за  падвоз даярак».

«Траўмы на вытворчасці становяцца вынікам недапрацоўкі людзей. І не забывайце, кантроль  за захаваннем правілаў аховы працы —  гэта не толькі  права, гэта абавязак прафсаюзаў і яго актывістаў», — падсумаваў Міхаіл Лабко.

Аляксандр Лазюк.

На здымках: Міхаіл Лабко

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *