Механизатор ОАО “Ульяновичи” Сергей Юровский на тракторе Белорус 3022 одним из первых в этом году вышел на весеннюю ниву  

На полі каля вёскі Латыгаль каторы дзень натужна гудзе энерганасычаны Беларус 3022 ААТ “Ульянавічы”. Тут вядзе ворыва Сяргей Юроўскі.

 

Яго трактар адным з першых выйшаў сёлета ў поле. А таму на  ўласным рахунку механізатара каля двухсот гектараў узаранай глебы. За змену, якая зараз доўжыцца не меньш як 12 гадзін, Сяргей Юроўскі ўзнімае 15-20 гектараў зямлі.

   Настрою ў працы дадае не толькі надвор’е, якое спрыяе ворыву. Механізатар працуе паблізу вёскі, дзе нарадзіўся і вырас, дзе прайшло дзяцінства.

 — З кожным урочышчам звязаны нейкія ўспаміны, — не хавае земляроб. — Ды і праца на вачах у землякоў да многага абавязвае.

 А яшчэ – прозвішча. Яно ў Латыгалі даволі распаўсюджана. Сярод носьбітаў – большасць патомныя хлебаробы, працаўнікі, якімі да гэтага часу ганарацца ў раёне. Адзін з іх, Мікалай Юроўскі, за самаадданую працу на калгасных палетках быў адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Працоўнай Славы 2-ой ступені.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 Фота аўтара.