«Хапун» за продуктами в торговой сети Сенненского района закончился

 “Хапун” на прадукты харчавання ў гандлёвай сетцы Сенненскага раёна скончыўся, не паспеўшы набрацца сілы.

 Сёння на паліцах магазінаў райспажыўтаварыства, гандлёвых сетак, асобных прыватных прадпрымальнікаў, якія спецыялізуюцца продажы прадуктаў харчавання, ёсць усё.

  — Чым быў выкліканы ажыятажны попыт на крупы, алей, некаторыя іншыя прадукты харчавання, цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё  чуткамі, што датычаць распаўсюджвання каронавіруса, і мерамі, якія прымаюцца ў свеце па стрымліванні яго распаўсюджвання,-лічыць Інэса Гардзецкая, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама.

  

І з ёй не паспрачаешся. У многіх краінах свету ўводзіцца каранцін, закрываюцца ўстановы, у тым ліку кавярні, рэстараны. Людзям не рэкамендуюць без важкіх на тое прычын выходзіць на вуліцы, прымаць удзел у масавых мерапрыемствах, прапануюць запасацца прадуктамі харчавання. У нашай краіне меры стрымлівання інфекцыі некалькі іншыя, але не меней  эфектыўныя.

 —  У мінулыя выхадныя спецыялісты аддзела правялі маніторынг гандлёвай сеткі  раёна. Пустых паліц яны не бачылі. Калі, напрыклад, у “Хіце” у канцы рабочага  дня і была выяўлена адсутнасць асобных прадуктаў харчавання, то назаўтра іх запасы папаўняліся, — запэўніла Інэса Гардзецкая.

 

Журналіст нашага выдання таксама наведаўся ў некаторыя крамы Сянна. І ўпэўніўся  ў дасведчанасці сваёй суразмоўцы. Больш за тое, варта адзначыць, што цэны на асноўныя  прадукты харчавання фактычна не растуць. Нагадаем, у нашай краіне на тыя з іх, што прызнаны сацыяльна важнымі, дзяржавай прымяняецца палітыка рэгулявання. Гэта значыць, што гандлёвыя сеткі не маюць права  перавысіць устаноўленую дзяржавай надбаўку. І яшчэ адно прыемнае пакупніцкае назіранне. Нават не маё. Пакупнікі, якія карыстаюцца паслугамі гандлёвай сеткі райспажыўтаварыства, адзначаюць  апошнім часам стабілізацыю і, нават, зніжэнне цэн па многіх таварных пазіцыях. Чым гэта тлумачыцца, тэма для асобнай размовы.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 Фота аўтара.