Героический бой «Катюши» у деревни Кожемяки Сенненского района 

У смяротнай схватцы з ворагам пры вызваленні Сенненскага раёна ля в.Кажамякі апошні бой прыняў разлік рэактыўнай мінамётнай устаноўкі БМ-13 («Кацюша») у складзе гвардыі сяржанта Цімафея Святлічнага, гвардыі старшага сяржанта Паўла Назаранкі, гвардыі радавога Сяргея Барадуліна.

Бой пад Кажамякамі

 …Ішоў чэрвень 1944 года. Чырвоная Армія пачала ажыццяўленне буйнейшай наступальнай аперацыі Вялікай Айчыннай вайны «Баграціён». Галоўныя сілы 3-га Беларускага фронта развівалі магутнае наступленне на багушэўскім і аршанскім напрамках. Для ўмацавання і развіцця наступлення ў прарыў пад Багушэўскам была ўведзена конна-механізаваная група генерала І.С.Аслікоўскага. Залпы яе гармат разам з агнём рэактыўнай артылерыі праклалі наступаючым злучэнням дарогу да Багушэўска — буйнога вузла супраціўлення ворага. 24 чэрвеня пасёлак быў ачышчаны ад гітлераўцаў. 3-ці гвардзейскі мінамётны полк, які прымаў удзел у вызваленні населенага пункта, і конна-механізаваная група выйшлі на аператыўную прастору.

 Разам з коннікамі па лясных дарогах, цераз балоты рухаліся «Кацюшы». Разлік гвардыі сяржанта Святлічнага быў у складзе перадавога атрада. У ноч на 26 чэрвеня, не ўключаючы фар, падышлі да пераправы цераз рэчку Абалянку недалёка ад вёскі Кажамякі.

 Раніцай разведчыкі далажылі камандзіру мінамётнага палка, што ў бок раённага цэнтра Сянно рухаецца буйная варожая калона. Камандзір батарэі капітан І.А.Скачкоў атрымаў загад залпавым агнём рассеяць калону. На батарэю прыбыў начальнік палітаддзела маёр Г.С.Грыненка.

 — Будзе вельмі горача, —папярэдзіў ён капітана. – Гэта войскі, якія вырваліся з акружэння. Пойдуць на адчайную схватку. Можа справа дайсці і да рукапашнай.

 Варожая калона набліжалася. Капітан чакаў падыходу яе галаўных машын да месца, па якім падрыхтаваліся ўдарыць «Кацюшы». Калі адлегласць да цэлі не перавышала трох кіламетраў, грымнуў залп, за ім другі. Але вораг не спыняўся.

 — Гранаты к бою! – скамандаваў Скачкоў.

 Адрэзаныя ад сваіх, прыціснутыя да берага, амаль пазбаўленыя магчымасці манеўраваць на маленькім балоцістым пятачку, гераічна змагаліся з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка гвардзейцы-мінамётчыкі.

 Гітлераўцы атакавалі. Рваліся снарады. У грукаце бою голаса камандзіра батарэі не было чутна. Але разлікі дзейнічалі дакладна.

 Ц.І. Святлічнага паранілі ўжо ў пачатку бою. У бінтах, якія набухлі ад крыві, быў і наводчык С.Д. Барадулін. Перасільваючы боль ад раны, не пакідаў свайго баявога паста вадзіцель П.І. Назаранка. Тройчы іх рэактыўная ўстаноўка адкрывала агонь і тройчы перазаражалася.

 — Апошнія зарадзілі, — далажыў капітану Святлічны.

 Камандзір загадаў ударыць залпам ва ўпор па насядаўшай мотапяхоце і адысці. Крутануўшы рукаятку пад’ёмнага мезанізму, Барадулін да адказу апусціў напраўляючыя. У перакрыжаванне панарамы трапіў густы ланцуг аўтаматчыкаў, а паводдаль віднеліся танкі і штурмавыя гарматы. Святлічны, не адрываючы вачэй ад гітлераўцаў, якія беглі па полі, павольна круціў рукаятку прыбора кіравання агнём. Ракеты адна за адной, як бы сцелячыся над зямлёй, ударылі ў гушчу фашыстаў. У ходзе бою былі знішчаны 4 гарматы, 13 аўтамашын, больш за 500 салдат праціўніка.

 Адысці ж з пазіцыі не давялося. Варожая штурмавая гармата, падышоўшы на блізкую адлегласць, падбіла рэактыўную ўстаноўку. «Кацюша» загарэлася. Цяжка паранены Цімафей Іванавіч Святлічны працягваў кіраваць стральбой. Апечаны, задыхаючыся ад дыму, Сяргей Дзмітрыевіч Барадулін знайшоў у сабе сілы зрабіць яшчэ адзін залп па фашыстах. Разлік «Кацюшы» згарэў разам з устаноўкай, не пакінуўшы баявога паста, не аддаўшы ворагу сакрэтнай зброі.

 За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выкананні баявога задання камандавання, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года гвардыі сяржанту Цімафею Іванавічу Святлічнаму, гвардыі старшаму сяржанту Паўлу Іванавічу Назаранку, гвардыі радавому Сяргею Дзмітрыевічу Барадуліну пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

 Сёння імёны герояў носяць вуліцы населеных пунктаў на іх малой радзіме і ў г.Сянно. Ц.І Святлічны навечна залічаны ў спісы воінскай часці.

 Летам 1959 года, напярэдадні 15-годдзя з дня вызвалення Баларусі, астанкі загінуўшых воінаў з вёскі Кажамякі былі перанесены ў парк Сянно. Потым мясцовыя жыхары пачалі называць яго паркам Трох Герояў. На брацкай магіле ўстанавілі помнік. Так жыхары Сенненшчыны ўвекавечылі подзвіг воінаў, якія не шкадуючы жыцця змагаліся з ворагам за вызваленне сенненскай зямлі.

 У гэтым годзе па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі баявую машыну «Кацюша» ўстановяць ля падножжа мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». Так будзе ўвекавечана памяць усіх экіпажаў рэактыўных установак, што прымалі ўдзел у самых важных баях Вялікай Айчыннай вайны.

Героі-гвардзейцы

Гвардыі старшы сяржант П.І.Назаранка

П.І. Назаранка ў раннім дзяцінстве застаўся без бацькоў. Выхоўваўся ў дзіцячым доме. На Кубань у роднае сяло Трохсельскае вярнуўся ўжо сямнаццацігадовым хлопцам. Калі ў сяле з’явілася паўтаратонка ГАЗ-АА, Павел адным з першых стаў яе асвойваць.

 У 1939 годзе Назаранку прызвалі ў армію. Камандаванне, даведаўшыся, што юнак любіць тэхніку і крыху ў ёй разбіраецца, залічыла яго ў аўтамабільную школу. Тут хлопец стаў прафесійным вадзіцелем.

 Грымнула вайна. У першы год баявых дзеянняў на сваім ЗІС-5, які даверылі маладому байцу, удзельнічаў у падвозе боепрыпасаў для контратакуючых войск, вазіў параненых. У час адступлення шмат разоў трапляў у розныя пераплёты. Аднойчы апынуўся ў акружэнні. У час налёту варожай авіяцыі машына Назаранкі была пашкоджана асколкам бомбы. Так ён аказаўся на тэрыторыі, занятай ворагам. Салдат адрамантаваў аўтамабіль, пасадзіў на яго групу байцоў, якія выходзілі з акружэння, і разам з імі адправіўся на ўсход. Восем сутак Павел і яго новыя баявыя сябры калясілі па тылах ворага і ўсё ж пра­рваліся праз лінію фронта.

 Назаранка ўдзельнічаў у абароне Сталінграда. У баях на волжскіх рубяжах стаў камуністам, старшым сяржантам, кавалерам ордэна Чырвонай Зоркі, медаля «За адвагу».

 Як мужнага воіна і вопытнага вадзіцеля Паўла Назаранку адкамандзіравалі ў Маскву, дзе фарміраваўся 3-ці гвардзейскі полк рэактыўных установак. Старшы сяржант прайшоў грунтоўную падрыхтоўку, патрэбную для ўпраўлення баявой машынай і зладжанай работы ўсяго баявога разліку.

Гвардыі сяржант Ц.І.Святлічны

 Ц.І. Святлічны нарадзіўся ў сяле Святлічнае Харкаўскай вобласці Украіны. У 1940 го­дзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Ваяваў на Курскай дузе, вызваляў Смаленшчыну. Разлік «Кацюшы», якім камандаваў Цімафей Святлічны, наводзіў жах на фашыстаў. Гвардзейцы дасканала валодалі грознай зброяй. Камандзір умеў кіраваць машынай, мог замяніць наводчыка.

 С.Д. Барадуліну было 18 гадоў, калі ў 1942-м яго прызвалі ў армію. Да гэтага, пасля заканчэння сямі класаў школы, хлопец працаваў у калгасе ў роднай вёсцы Лебедзі Кіраўскай вобласці.

Гвардыі радавы С.Д.Барадулін

 Спачатку ён служыў у запасным палку. У чэрвені 1943 года трапіў на фронт. Ваяваў на Заходнім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх, 3-м Беларускім франтах. З радасцю даведаўся, што стане наводчыкам славутай «Кацюшы». Аказаны яму давер юнак стараўся апраўдаць. Перад  наступленнем на Віцебск у 3-м асобным гвар­дзейскім мінамётным палку адбыўся мітынг. Кожнае выступленне на ім гучала як клятва бязлітасна зніш­чаць ворага. Многае хацелася сказаць і Барадуліну. Але сціплы, сарамлівы хлопец не рашыўся папрасіць слова. Аднак пасля мітынгу ён падаў заяву з просьбай прыняць яго ў рады камуністаў. Вызваляючы Віцебск, артылерыйская ўстаноўка, наводчыкам якой быў Барадулін, зрабіла 50 залпаў і знішчыла некалькі соцень салдат і афіцэраў праціўніка.

 Таццяна Буракова.   

Фота прадастаўлены Сенненскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем.