Сенненцы, будьте осторожными — под видом сотрудников газовой службы работают мошенники

На днях у рэдакцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Забор’е, якой на мабільны тэлефон пазванілі незнаёмыя людзі і прапанавалі ўстанавіць газавы аналізатар паветра, які спрацоўвае пры ўцечцы “блакітнага паліва”. Калі ж вяскоўка папрасіла назваць нумар тэлефона іх “канторы”, адбылося раз’яднанне лініі сувязі.

 Падобныя факты, дарэчы, апошнім часам фіксуюцца па ўсёй вобласці. Вось што расказаў у сувязі з гэтым Аляксандр Васільеў, дырэктар ВА “Чашнікігаз”.

 — Махляры не толькі тэлефануюць, яны прыходзяць у кватэры, дамы людзей, прадстаўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўнай газазабяспечваючай арганізацыі, пужаюць штрафам. У выніку людзі выкладваюць значную суму грошай за апавяшчальнік.

 Апавяшчальнік газа – неабходная рэч. Пры з’яўленні небяспечнай канцэнтрацыі метана, прапана, угарнага газа ў памяшканні ён папярэджвае гукавым сігналам. У дзяржаўных установах газавы апавяшчальнік каштуе прыблізна каля 40 рублёў. А вось махляры за яго і свае “паслугі” прапануюць ад 100 да 200 рублёў са скідкай.

 — Паважаныя карыстальнікі газам, калі раптам да вас прыйшлі людзі з падобнымі прапановамі, тэлефануйце ў міліцыю ці газазабяспечваючую арганізацыю. У Сянне яе нумар 4-23-47, 4-12-39. Па гэтых жа тэлефонах можна атрымаць неабходную інфармацыю аб пакупцы, устаноўцы, мантажы і абслугоўванні прыбораў, якія папярэджваюць аб небяспецы, — нагадвае Аляксандр Васільеў.

 Каб не трапіць на кручок да махляроў, не забывайце:

— прадстаўнікі УП “Віцебскаблгаз” абавязаны быць у спецадзенні і са спецыяльнымі знакамі на ёй;

— у работнікаў арганізацыі павінна быць службовае пасведчанне – прасіце прад’явіць яго;

— калі вам прадаставілі нейкую паслугу дзяржаўная арганізацыя, у пацверджанне яе правядзення прадастаўляецца акт выкананых работ з подпісам альбо копія квітанцыі КВ-1.

“ГС”.