Каму зіма матухна, а каму мачаха…

Людміла Васільеўна Кнацько, якая жыве ў г.Сянно па вул.Пятаковіча, 20, у рэдакцыю звярнулася ўпершыню. Раней са сваёю прабле­май жанчына і яе суседзі «стукаліся» ў іншыя інстанцыі. Але гэта пакуль мала дапамагло.

 Справа ў тым, што ў час вялікіх снегападаў жыхарам вуліцы вельмі цяжка дабірацца да пітной вады, якую яны вымушаны насіць з калодзежа, хаця на Пятаковіча ёсць водаправод (але гэта ўжо іншая, дарэчы, агульнавядомая, аднак пакуль невырашальная праблема).

 Вуліца ад снегу расчышчаецца, але не да канца. Ісці за вадой прыходзіцца па цаліку  не адзін дзесятак метраў. Зразумела, што далёка не кожнаму гэта па сілах.

 Л.В.Кнацько агучыла і яшчэ адну, асабістую, праблему. Занадта блізка да яе двара пабудавана воданапорная вежа. Пітной вады яна не дае, а непрыемнасці стварае. Часта вада з вежы пераліваецца цераз край. А зімой, калі мароз з ветрам, пырскі далятаюць да лазні і ўтвараюць наледзь, як і на самой вежы (на здымку). У рэшце рэшт сапсуецца франтон.

 Пытанні гэтыя могуць некаму падацца дробязнымі, але з такіх вось, ці падобных, праблем і складаецца жыццё людзей, якое трэба імкнуцца зрабіць больш зручным і якасным.

 Таццяна Буракова.